Валерый Сахашчык запусціў працэдуру выхаду з расійскага грамадзянства
Заява Валерыя Сахашчыка / t.me/CabinetBelarus
Прадстаўнік Аб'яднанага Пераходнага Кабінета па пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Валерый Сахашчык запусціў працэдуру выхаду з расійскага грамадзянства. Як паведамляе @CabinetBelarus, 22 верасня ён наведаў пошту ў Варшаве і адправіў у пасольства РФ у Польшчы ліст з паведамленнем пра такі намер.
Пра тое, што апазіцыйны "міністр абароны" Сахашчык мае расійскі пашпарт, стала вядома ў сярэдзіне верасня. Ён патлумачыў, што атрымаў грамадзянства Расіі "аўтаматам" у 1992 годзе, разам з іншымі вайскоўцамі, якія былі ў ГДР. Гэты расійскі пашпарт захоўваўся ў доме ў Брэсце і яго найхутчэй канфіскавалі падчас ператрусу. Пасля спецслужбы РБ распаўсюдзілі пра гэта інфармацыю, каб скампраметаваць Валерыя Сахашчыка. Пра гэта напісаў лідар КХП-БНФ Зянон Пазняк. Ён заявіў, што "атака на Сахашчыка" сваёй мэты не дасягне.
Валерый Сахашчык — былы камандзір брэсцкай дэсантна-штурмавой брыгады, жыве ў Польшчы, займаецца бізнесам. Са жніўня 2022-га — прадстаўнік Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Святланы Ціханоўскай па абароне і нацыянальнай бяспецы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.