Ватыкан дае жанчынам голас, а Трамп дагаварыўся да штрафу — #ІхНоравы
Дональд Трамп і коцікі
Пакуль на пасяджэнні Ватыкана любадаць — жанчыны нарэшце атрымалі голас і абмяркоўваюцца нават пытанні пасвячэння іх у дыяканы, — Трамп працягвае скандаліць. А ў Кітаі ледзь не з'елі тысячу катоў.
У традыцыйным аглядзе расказваем, што адбываецца ў свеце.
Жанчыны ўпершыню прагаласуюць на пасяджэнні Ватыкана
У Ватыкане праходзіць XVI Генеральная асамблея сінода біскупаў, якая будзе вырашаць пытанні будучыні каталіцкага касцёлу. У прыватнасці, пытанні ролі жанчын, блаславення гомасексуальных пар, прычасця для тых, хто развёўся і паўторна ўступіў у шлюб.
У гэтым сходзе ўдзельнічае каля 300 біскупаў з усяго свету. А таксама ўпершыню — манашкі і 54 жанчыны ад свецкіх колаў, якія маюць права голасу.
Прысутная на асамблеі пані Епесен-Шпулер адзначыла, што прыемна здзіўленая. Паводле яе слоў, некаторыя святары адкрыта падтрымалі ідэю палепшыць становішча жанчын. Некаторыя нават падтрымалі ідэю пасвячаць жанчын у дыяканы.
Гэта былі "сапраўды добрыя дыскусіі", — кажа Епесен-Шпулер.
Трамп "дагаварыўся"
Суддзя Артур Энгаран аштрафаваў Дональда Трампа на $10 тысяч за парушэнне загаду пра неразгалошванне інфармацыі і заявіў, што той "не заслугоўвае даверу" як сведка. Трамп даваў паказанні па грамадзянскай справе аб махлярстве ў Нью-Ёрку.
Раней былога прэзідэнта ЗША ўжо аштрафавалі на 5 000 долараў за прыніжальны пост у сацыяльных сетках пра ключавую супрацоўніцу суда Элісан Грынфілд, якая дапамагала Энгарану на працягу ўсяго працэсу.
— Гэты суддзя — вельмі небесстаронні суддзя, побач з якім сядзіць вельмі небесстаронні чалавек — магчыма, нават значна больш небесстаронны, чым ён сам, — заявіў Трамп.
Аднак потым ён сказаў, што меў на ўвазе свайго былога супрацоўніка Майкла Коэна, які даваў паказанні супраць Трампа. А затым працягнуў нападаць на Грынфілд.
Трамп адрэагаваў на рашэнне суда праз прэс-сакратара, які сказаў:
— Суддзя-дэмакрат пад кантролем радыкала Летыцыі Джэймс працягвае пераследваць прэзідэнта Трампа, робячы ўсё магчымае, каб ушчаміць права прэзідэнта Трампа на свабоду слова паводле Першай папраўкі і ўмяшацца ў прэзідэнцкія выбары 2024 года. Гэтыя карупцыйныя намаганні, якімі кіруе прадажны Джо Байдэн, пацярпяць няўдачу.
У Швецыі над слоўнікам працавалі 140 гадоў
Афіцыйны шведскі слоўнік скончаны праз 140 гадоў працы над ім. Яго складала Шведская акадэмія, якая прысуджае Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Усяго над стварэннем слоўніка працавалі 137 чалавек.
Выданне — аналаг Оксфардскага слоўніка англійскай мовы. Слоўнік змяшчае 33 111 старонак у 39 тамах. Акадэмія падрыхтавала гістарычны летапіс шведскай мовы з 1521 года да нашых дзён.
Аднак з пачатку працы тамы A-R так састарэлі, што іх неабходна перагледзець, каб уключыць туды сучасныя словы.
— Адным з такіх слоў з'яўляецца "алергія", якое ўвайшло ў шведскую мову прыкладна ў 1920-х гадах, але адсутнічае ў томе А, бо ён быў апублікаваны ў 1893 годзе, — кажа прадстаўнік Шведскай акадэміі Крысціян Мэтсан.
Слоўнік даступны ў інтэрнэце, а ўсяго выйшла каля 200 асобнікаў, якія выкарыстоўваюцца ў асноўным даследчыкамі і лінгвістамі.
У Кітаі хацелі з'есці тысячу катоў
Паліцыя Кітая выратавала больш за тысячу катоў ад забою і продажу пад выглядам свініны і бараніны. Пра небяспеку для жывёл паведамілі актывісты. Яны заўважылі вялікую колькасць катоў, якіх трымалі ў забітых драўляных скрынях на могілках. Калі жывёл пагрузілі ў грузавік, актывісты спынілі машыну і выклікалі паліцыю.
Праз інцыдэнт у Кітаі з'явілася новая хваля боязі з нагоды бяспекі прадуктаў.
— Я больш не буду есці шашлык на вуліцы, — піша адзін з карыстальнікаў сацсеткі Weibo.
Іншы занепакоены становішчам жывёл: "Калі ж з'явяцца законы аб абароне жывёл? Хіба жыццё катоў і сабак не важнае?"
У чэрвені ў адным з каледжаў правінцыі Цзянсу адбыліся хваляванні, калі адзін са студэнтаў знайшоў у сваёй ежы галаву пацука. Кіраўніцтва каледжа спачатку спрабавала сцвярджаць, што гэта было качынае мяса, але потым прызнала рацыю студэнта.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.