Вельмі дарагое адзінства: улады спускаюць на новае свята сотні тысяч рублёў
На адным з мітынгаў у падтрымку Лукашэнкі
Створанае нядаўна Лукашэнкам новае свята — "Дзень народнага адзінства" — адзначаць будуць, мяркуючы па ўсім, з вялікім размахам. Тут не толькі вялікія канцэрты ў Мінску, але і мерапрыемствы практычна ў кожным беларускім райцэнтры. А ўсё гэта, як вядома, каштуе грошай.
Сцэна за сотні тысяч
Вядома ж, з найбольшым размахам адзначаць 17 верасня будуць у Мінску. Напрыклад, толькі на матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне "форуму патрыятычных сіл" у сталіцы трацяць 650 тысяч рублёў. І такіх тэндараў два — або гэта памылка, або сумарна трата складае больш за 1,3 мільёна рублёў.
Будзе і канцэрт майстроў мастацтваў, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне якога каштуе 35 тысяч рублёў.
Але не канцэртамі і форумамі аднымі. Так, гістарычны музей выдаткаваў 85 тысяч рублёў на распрацоўку спецыяльнай выставы, прысвечанай 17 верасня.
У рэгіёнах траты на свята таксама немаленькія, хоць і саступаюць сталічным. У Барысаве толькі на спецыяльны канцэрт выдаткоўваюць больш за 30 тысяч рублёў. Светлавое шоу да свята ў Магілёве каштуе паўтары тысячы рублёў, арэнда гукаўзмацняльнай апаратуры і светлавога абсталявання — 1800.
У Брэсце толькі на пражыванне і харчаванне неназванага творчага калектыву выдаткуюць больш за 10 тысяч рублёў. Ну і асобна, вядома ж, закупяць сцягоў да свята — на 3600 рублёў.
Паездка на форум
Удзельнікаў спецыяльнага форуму ў "Мінск-Арэне" будуць звозіць з усёй краіны. Некаторыя выканкамы закупляюць транспартныя паслугі праз тэндары, таму можна даведацца і пра гэтыя траты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.