Венецыянская камісія заклікала Беларусь змяніць пакаранні за пратэсты

Але Беларусь мяняе заканадаўства толькі ў бок узмацнення жорсткасці / Reuters​
Але Беларусь мяняе заканадаўства толькі ў бок узмацнення жорсткасці / Reuters​

Венецыянская камісія — орган пры Савеце Еўропы, які займаецца пытаннямі права — 22 сакавіка апублікавала справаздачу па сітуацыі ў Беларусі. У шматстаронкавым дакуменце прыводзіцца інфармацыя пра падзеі, якія адбываліся ў краіне з жніўня 2020 года, а таксама аналізуецца беларускае заканадаўства.

Камісія просіць быць мякчэй...

Венецыянская камісія заклікае беларускія ўлады перагледзець пакаранні за масавыя мерапрыемствы. На думку экспертаў, вырашальную важнасць пры выбары пакарання павінна мець тое, ці былі вулічныя акцыі гвалтоўнымі.

"Мяркуючы па ўсім, дэманстранты не ўжывалі фізічнага гвалту і не заклікалі да такога ў дачыненні да арганізацый або асобных людзей. Пратэсны рух не можа сам па сабе быць падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы", — заяўляюць у камісіі.

Венецыянская камісія адзначае і тое, што магчымасць крытыкі ўлады і выказвання сваіх ідэй і поглядаў павінна быць забяспечана, калі яна не прымае гвалтоўных форм.

"Мірныя дэманстрацыі ў прынцыпе не павінны падвяргацца пагрозе суровага пакарання — такога, як турэмнае зняволенне або вялікія штрафы. Гэтыя меркаванні адносяцца да артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, які прадугледжвае сур'ёзныя адміністрацыйныя штрафы і затрыманне / пазбаўленне волі", — адзначаецца ў дакладзе.

Тут важна заўважыць, што ў рэдакцыі Адміністрацыйнага кодэкса ад 1 сакавіка артыкул аб удзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах памяняў нумар. Зараз гэта 24.23.

Венецыянская камісія рэкамендавала афіцыйнаму Мінску ўдакладніць некалькі дзейных артыкулаў Крымінальнага кодэкса. У тым ліку арт. 293, арт. 341, арт. 342 і арт. 363, таму што яны маюць занадта шырокую прастору для трактовак. Зноў жа, на думку камісіі, тут важна ўдакладняць, што пакаранне прадугледжана толькі за гвалт.

Венецианская комиссия призвала Беларусь изменить наказания за протесты
Гвалт падчас акцый ужываўся не з боку пратэстоўцаў / Reuters

Артыкулы КК за "абразу прэзідэнта" і "апаганьванне дзяржаўных сімвалаў" у Венецыянскай камісіі таксама лічаць праблемнымі, таму што яны могуць быць ужытыя з мэтай пераследу мірных пратэстоўцаў і таксама дапускаюць шырокія трактоўкі.

У дакладзе адзначаецца, што, з улікам занадта складанай працэдуры атрымання санкцыі на правядзенне масавых мерапрыемстваў, улады павінны "змірыцца" з мірнымі пратэстамі, хай нават яны праводзяцца без узгаднення.

У цэлым усталяванымі працэдурамі правядзення масавых мерапрыемстваў у Беларусі Венецыянская камісія незадаволеная: заканадаўчую базу, мяркуюць эксперты, трэба перагледзець. Камісія зноў заявіла пра гатоўнасць уступіць у дыялог з беларускімі ўладамі па ўдакладненні заканадаўства, каб яно адпавядала прынцыпам правоў чалавека і міжнародных абавязацельстваў, якія прыняла на сябе Беларусь.

…а Беларусь мае намер працягваць ўзмацненне жорсткасці заканадаўства

У Беларусі працягваецца праца над законапраектам "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму". Як чакаецца, улады змогуць прымяняць яго палажэнні і супраць дэманстрантаў. Напрыклад, за выкарыстанне падчас мітынгаў бел-чырвона-белага сцяга.

Акрамя таго, улады анансавалі працяг працы над "удакладненнем" заканадаўства для "забеспячэння парадку". Відавочна, гаворка ідзе не пра такія "ўдакладненні", да якіх заклікае Венецыянская камісія. Але пазіцыя, якую заняў падчас палітычнага крызісу МЗС Беларусі, застаецца нязменнай. Яе можна сфармуляваць цытатай з савецкай класікі: "Не вучыце мяне жыць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі