У Беларусі МУС і КДБ атрымаюць права прызнаваць групы грамадзян "экстрэмісцкімі"
Генпракуратура Беларусі паведаміла пра распрацаваныя "з іншымі зацікаўленымі органамі" прапановы "па ўзмацненні адказнасці за экстрэмісцкую дзейнасць". Ужо гатовая новая рэдакцыя закона "Аб процідзеянні экстрэмізму". Паводле яе, МУС і КДБ атрымаюць права прызнаваць "групы грамадзян" "экстрэмісцкімі фармаваннямі" і забараняць іх дзейнасць. Таксама яны змогуць "пры выяўленні прыкмет экстрэмісцкай дзейнасці выносіць прадпісанні заснавальнікам і кіраўнікам арганізацый, індывідуальным прадпрымальнікам". Але гэта ў выпадку, калі міліцыянеры і чэкісты не знойдуць падставы для прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Пры невыкананні гэтых патрабаванняў ці за паўторнае на працягу года вынясенне прадпісання арганізацыю могуць ліквідаваць, а дзейнасць ІП спыніць.
Справы аб прызнанні арганізацыі "экстрэмісцкай" і яе ліквідацыі суд першай інстанцыі будзе разглядаць у скарочаныя тэрміны — не больш за месяц з часу падачы заявы. Заснавальнікі і ўдзельнікі арганізацый, якія прызнаныя экстрэмісцкімі, не змогуць на працягу пяці гадоў заснаваць новую арганізацыю ці сродак масавай інфармацыі. Базу асобаў, арганізацый, фармаванняў і ІП, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, будзе весці Міністэрства ўнутраных спраў. Яе фігурантаў пазбавяць права на занятак педагагічнай ці выдавецкай дзейнасцю. Іх фінансавыя аперацыі трапяць "пад асаблівы кантроль".
Да "экстрэмісцкіх матэрыялаў" могуць аднесці не толькі інфармацыйную прадукцыю, але і сімволіку, атрыбутыку.
Беларусы з набытым грамадзянствам могуць яго пазбавіцца за дачыненне да экстрэмізму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.