Версіі следства па справе Нямцова: ад палітыкі да асабістай непрыязні
Праваахоўныя органы схіляюцца да таго, што забойства расійскага апазіцыянера магло быць замоўленым.
Следчыя разглядаюць усе версіі забойства расійскага апазіцыянера Барыса Нямцова, якога застрэлілі позна ўвечары 27 лютага ў цэнтры Масквы. Адна з версій — забойства было замоўленым. Пра гэта журналістам паведамілі прадстаўнік Следчага камітэту па Маскве Юлія Іванова.
Крыніца агенцтва “Інтэрфакс” у праваахоўных органах пацвярджае, што забойства сапраўды магло быць замоўленым, а таксама звяртае ўвагу на той факт, што злачынства здзейсненае напярэдадні апазіцыйнага марша, запланаванага на 1 сакавіка. Таму злачынства можа насіць “правакацыйны характар”.
Іншая крыніца удакладняе, што таксама разглядаюцца версіі, звязаныя з палітычнай дзейнасцю Нямцова і яго працай на пасадзе дэпутата Яраслаўскай абласной думы. Не адсоўваецца і версія, звязаная з асабістай непрыязню.
У сваю чаргу адвакат Нямцова Вадзім Прохараў распавёў “Інтэрфаксу”, што палітык атрымліваў пагрозы ў сацыяльных сетках, але гэта было некалькі месяцаў таму.
Барыс Нямцоў быў застрэлены позна ўвечары 27 лютага каля 23.00 у цэнтры Масквы. Ён прагульваўся па мосце са сваёй сяброўкай, якая прыехала з Украіны. Раптам пад'ехаў белы аўтамабіль, з якога раздаліся 4 ці 6 стрэлаў. Ад атрыманых траўмаў палітык памёр на месцы.
1 сакавіка расійская апазіцыя плануе зладзіць жалобную акцыю ў цэнтры Масквы, замест раней запланаванага антыкрызіснага маршу “Вясна”.