Ветэран: І я фашыст, калі я ўкраінец!? Я — былы вязень канцлагераў!

Даведка Еўрарадыё: Ігар Маліцкі, 90 гадоў, былы вязень канцлагераў Тэрэзін і Асвенцым, пасля вызвалення з 1945 па 1950 служыў у Савецкай Арміі, прафесар кафедры машынабудавання Украінскай інжынерна-педадагічнай акадэміі.

Еўрарадыё: Ці думалі вы, што давядзецца ізноў жыць у часы вайны?

Ігар Маліцкі: Нават у страшным сне не магло такое прысніцца! Браты адзін аднаго б’юць — ну што гэта такое! Ваююць нават не розныя нацыянальнасці — славяне, якія пераважна на адной мове размаўляюць. Мы па-руску гаворым тут, у Харкаве. Кажуць, што забаранілі нам па-руску гаварыць, што за глупства. Вось я зараз сяджу ў майго сябра, загадчыка іншай кафедры нашай акадэміі, і размаўляем па-руску. І шмат хто з нашых салдат і афіцэраў, што цяпер ваююць, гаворыць па-руску. Як і тыя, хто ваюе супраць іх. Я лічу, што зараз усё залежыць ад двух прэзідэнтаў: Пуціна і Парашэнкі. Калі ў іх хопіць розуму спыніць гэтую братазабойчую вайну, то яна спыніцца, а калі не, то можа перарасці ў вельмі вялікую вайну, якая закране не толькі Украіну і Расію, але і Беларусь, і Еўропу. Гэта нейкі жах: усё юнацтва прайшло ў канцлагерах, на вайне, і даводзіцца завяршаць жыццё падчас вайны. Мне ўжо, па шчырасці, баяцца няма чаго, але ж у мяне дзеці, унукі, праўнукі. І ў кожнага з нас, ветэранаў, так. Складаная вельмі вакол абстаноўка: перамір’е гэтае “ліпавае” — пастаянна страляюць, забіваюць. І ў нас Харкаве пастаянна то некага забіваюць, то падрываюць — не так даўно мірную дэманстрацыю падарвалі, некалькі маладых людзей загінула.

Еўрарадыё: Цяперашні канфлікт пасварыў паміж сабой нават сваякоў — а ветэраны праз яго перасварыліся?

Ігар Маліцкі: Мабыць, ёсць і такое, але асабіста я не сутыкаўся з тым, каб праз падзеі сённяшнія быў канфлікт паміж ветэранамі. Ведаеце, як у нас яно: паміж сабой яны не сварацца, а так большасць у канфлікце абвінавачвае Расію. У тым, што замест таго каб гэта ўсё прытушыць, яны дапамагаюць гэтым сепаратыстам, якія хочуць аддзяліцца. А гэта абурае людзей. Як і тое, што Крым у нас “адбабахалі” цішком, без адзінага стрэлу. Уявіце сабе: адарваць кавалак ад Беларусі, забраць і сказаць, што ён не беларускі, а рускі?! Абурыць жа беларусаў гэта? Ну, давайце ізноў зробім адну вялізную дзяржаву, толькі цяпер гэта будзе не Савецкі Саюз, а Расія!

Еўрарадыё: А вы такога б хацелі?

Ігар Маліцкі: Не, канечне! Гэта ўжо пройдзены этап. Я б хацеў, каб былі сяброўскія і цёплыя адносіны паміж нашымі трыма дзяржавамі: Беларуссю, Расіяй, Украінай. У горшым выпадку я быў бы за такую федэрацыю, як у ЗША — агульная палітыка і армія, але ўсё астатняе сваё — свае законы, свае фінансы і гэтак далей. Галоўнае, каб было без бойкі. Узнімаць узровень жыцця — вось якая задача павінная быць. А не захоп суседніх тэрыторый. А то я вось сёння прачытаў у інтэрнэце: “Забі укра! І ўвогуле — трэба знішчыць усю гэтую нацыю!” Гэта што такое — гэта фашызм ці як гэта называецца? І такое я чытаю ў інтэрнэце!

Еўрарадыё: Вы што, расійскае тэлебачанне не глядзіце — фашысты вы, украінцы!

Ігар Маліцкі: У тым і рэч! І я фашыст, калі я ўкраінец! Я — былы зняволены фашысцкіх канцлагераў, сённяшні старшыня арганізацыі барцоў антыфашысцкага супраціву. І вось мы фашысты, так?!

Еўрарадыё: Цікавае ваша стаўленне да так званай “георгіеўскай стужкі”.

Ігар Маліцкі: Разумееце, яе ўзялі “на ўзбраенне” як дзяржаўны сімвал. І яна агульная: і казахская, і грузінская, і армянская, і руская, і ўкраінская, і беларуская — усе ветэраны вайны могуць яе насіць. Але яе не мусіць надзяваць хто заўгодна! Асабліва гэтыя… Я прыгадаў: быў я ў канцлагеры Церазін у Чэхаславакіі, і аднаго дня фашысты расстрэльвалі нашых афіцэраў. А пасля, як іх расстралялі, вывелі аднаго яўрэя і пачалі пхаць яму ў рот акрываўлены пясок са словамі: “Жары, жыдоўская морда, свінячую рускую кроў!” А цяпер я бачу па тэлевізары, як гоняць палонных украінцаў, як паставілі на калені аднаго ўкраінскага салдата, сарвалі з яго жоўта-блакітную стужку, а гэта дзяржаўная стужка колераў дзяржаўнага сцяга, і сунуць яму ў рот. І я думаю: “Божа ты мой! Якая ж розніца паміж гэтымі і тымі, каго я там у канцлагеры бачыў?!”

Канечне, абазваць некага фашыстам можна лёгка. Так можна і беларусаў, якія супраць вашага Лукашэнкі выступаюць, фашыстамі абазваць. Але ж не — яны проста па-іншаму думаюць! А вось дзеянні, калі здзекуюцца з палонных, з людзей, захопленых у закладнікі, — яны фашысцкія.

Выбачайце, надта ўжо мяне гэта кранае ўсё і абражае. Для мяне “георгіеўская стужка” шмат значыць. У мяне вісяць два “крыжы” майго дзеда за руска-японскую вайну на георгіеўскай стужцы. На маіх медалях георгіеўская стужка — я яе паважаю. Гэта стужка Георгія-пераможцы, гэта стужка пераможцы. А не кожнага рознага, хто яе начапіў! Тыя сепаратысты ў Данецку, якія навешалі сабе гэтых стужак — якое яна да іх дачыненне мае? Усё сказілі ў выніку гэтай “катавасіі”!

Еўрарадыё: Тым не менш на ўрачыстую цырымонію з нагоды вызвалення Асвенцыма вы прыехалі не з “георгіеўскай стужкай”, як іншыя…

Ігар Маліцкі: Слухайце, я магу дрэнна ставіцца да кагосьці з нашых кіраўнікоў, магу не паважаць нашага прэм’ера Яцанюка, бо лічу яго кар’ерыстам, пра што прэзідэнту і напісаў, і Турчынава, бо той без адзінага стрэлу здаў Крым, але я — украінец. Мая радзіма — Украіна і я грамадзянін Украіны — якую стужку я павінен быў сабе прышпіліць, паехаўшы ў Асвенцым і як прадстаўнік Украіны, і як былы вязень гэтага лагера? А рускія там узнялі гвалт: “Як так: ветэран вайны, былы вязень — рускія яго вызвалілі, а ён прышпіліў бандэраўскую стужку?” А я ім тады адказаў: “Бандэра хоць і быў нашым і маім ворагам, але ён не быў здраднікам: ён ніколі не быў савецкім чалавекам, ніколі не быў грамадзянінам Украіны — ён грамадзянін Польшчы. А вось рускі генерал Уласаў — здраднік, які ваяваў разам з гітлераўскімі войскамі. І меў такі ж сцяг, як у вас цяпер — трыкалор. І белагвардзейцы з трыкалорам хадзілі. Дык што, і вы ўсе таксама здраднікі?” А ўсё прапаганда. Ёсць яна і ў нас, але там паказваюць такое, чаго ніколі быць не магло! Прыбілі дзіця цвікамі да дошкі аб’яў за тое, што яно па-руску гаварыла, — такое трызненне мог толькі Гебельс прыдумаць!

Еўрарадыё: Так, і пра тую “георгіеўскую стужку” кажуць, што яна “ўласаўская”!

Ігар Маліцкі: Ды не! Вось трыкалор іх, які ў Расіі цяпер, той сапраўды: спачатку царскі, потым — беларгвардзейскі і ўласаўскі, а цяпер іхны! А георгіеўскія стужка — узнагародная, стужка пераможцаў, герояў узнагароды на георгіеўскай стужцы. Салдацкі крыж майго дзеда на гэтай стужцы, потым Сталін яе ўвёў, і Ордэн Славы на гэтай стужцы давалі. А потым яна пайшла і на іншыя медалі. Гэта ваенная стужка, яе ні на адным цывільным ордэне няма. Але яе цяпер начапілі розныя — па якім праве? Яна — стужка тых, хто ваяваў і перамагаў у той вайне. У Дзень перамогі — калі ласка, бяры кожны і чапляй сабе такую стужку. Як сведчанне таго, што менавіта цяпер вы святкуеце Дзень Перамогі ў той вайне. Але насіць яе штодня ў якасці адрознення, што ты рускі, ці сепаратыст, ці што ты выступаеш за нейкі там “рускі мір”, — не маюць яны права гэтага рабіць!

Але ж моладзь у такіх дробязях разбірацца не хоча. Цяпер, калі ты з георгіеўскай стужкай, то сепаратыст і вораг. А для расіян чалавек з жоўта-блакітнай стужкай — вораг. І выпраўляць гэта будзе вельмі цяжка.

Еўрарадыё: З расійскімі ветэранамі падтрымліваеце кантакты?

Ігар Маліцкі: Ведаеце, яны мне пішуць, і водгукі на мае выступы прыходзяць вельмі цёплыя. А ўсё чаму? Я заўжды кажу праўду і нічога не баюся, бо горш за Асвенцым ужо нічога не будзе. А ўсё астатняе я перажыву. Я перажыў 1933 год (Галадамор ва Украіне 1932-1933 гадоў — Еўрарадыё), перажыў 1938 год, калі расстралялі разам з Тухачэўскім і іншымі майго бацьку, афіцэра Чырвонай Арміі, якога абвінавацілі ў тым, што ён польскі шпіён. Я перажыў акупацыю і канцлагеры, захапіў “кавалак” фронту — усё гэта адбывалася на маіх вачах і адбілася на маёй шкуры — нумар на руцэ з канцлагера Асвенцым, на спіне засталіся палосы ад збіцця ў лагеры Маўтхаўзен. Я браў удзел у паўстанні у канцлагеры, і з нашай групы ўцекачоў толькі 11 чалавек дайшлі да Чырвонай Арміі — астатнія загінулі. А потым нам кажуць: “Ніхто не забыты, нішто не забытае”… Забытае! І найперш ветэраны, якія перажылі гэта ўсё і цяпер перажываюць. І мне пляваць на пуціных і яцанюкоў — я б хацеў, каб народы жылі ў сяброўстве і без вайны. І каб не крычалі адно аднаму “укры” ды “ватнікі”.

Еўрарадыё: Што было самым запамінальным для вас падчас гэтага наведвання Асвенцыма?

Ігар Маліцкі: Безумоўна, гэты скандал з нібыта “няправільнай” жоўта-блакітнай стужкай і заявамі, што мяне, бачыце вы, рускія вызвалілі! Колькі ў Чырвонай Арміі ваявала ўкраінцаў, беларусаў, грузінаў, казахаў і ўсіх астатніх нацыянальнасцяў? А яны мне заяўляюць, што нас менавіта рускія вызвалялі і што рускія ўвогуле б вайну без украінцаў выйгралі! Ага, і без беларусаў, зараз скажуць!

Ведаеце, там я надзяваў сваю паласатую адзежу лагерную са сваім нумарам на руцэ, на грудзёх і на штанах, сваю паласатую шапку. Быў там і польскі прэзідэнт Камароўскі. Мяне папрасілі да яго падысці, мы пазнаёміліся. І ён кажа экскурсаводам: “Ведаеце, няхай мяне па Асвенцыме правядзе гэты прафесар з Харкава”. Зайшлі мы ў камеру, дзе мае былыя нары стаяць, і на іх надпіс: “Ігар Маёр”. Гэта мая мянушка тут такая была, “Маёр”, праз майго бацьку. Я расхваляваўся, горла сціснула, замоўк, а тут экскурсавод пачала казаць, што тут, маўляў, сядзелі парашутысты. Я не вытрымаў, ледзь не крычаць пачаў: “Калі не ведаеш, то навошта балбочаш абы-што?! Тут чатыры савецкія афіцэры сядзелі, якія арганізавалі партызанскі атрад, а іх здалі, і яны сюды трапілі”. Ажно расплакаўся там…

Еўрарадыё: У якіх умовах цяпер жывуць ветэраны ва Украіне, якое да іх стаўленне?

Ігар Маліцкі: У цяжкіх, складаных умовах жывуць — грошай не хапае… Хто такія ветэраны? Ім усім далёка за 80 гадоў. Патрэбныя лекі, а яны дарагія, таму набыць іх цяжка. Але ж вы самі ведаеце, якое цяпер становішча ў нас ва Украіне — вайна. А вайна — гэта грошы, гэта ахвяры… І ўвага найперш не на некага там, а на вайну, на салдат, усё ідзе туды. Таму і пенсіі скарачаюцца. І тут розніцы няма, ветэран ты ці не — пенсію ж атрымліваюць не за ветэранства, а за працу. А там жа былі і “працоўная” пенсія, і “навуковая”. Цяпер нейкія змены плануюцца ў пенсійны закон, але ніяк яго не прымуць. Толькі думаю, што наўрад ці нешта ў лепшы бок зменіцца… Асабіста мне пакуль маёй пенсіі хапае: у мяне і пенсія больш-менш пакуль, і жыву я адзін (14 гадоў таму пахаваў жонку, дзеці жывуць асобна — Еўрарадыё). Да ўсяго, я і цяпер працягваю працаваць на чвэрць стаўкі — выкладаю на кафедры машынабудавання.

Еўрарадыё:  Большасць ветэранаў шкадуе пра развал Савецкага Саюза, наракаюць, што ўвагі да ветэранаў з боку дзяржавы няшмат — якое вашае меркаванне на гэты конт? Нейкую грашовую дапамогу ветэранам да Дня Перамогі даюць? У Беларусі сёлета кожны атрымае па 10 мільёнаў рублёў…

Ігар Маліцкі: Я па-ранейшаму лічу сябе грамадзянінам Савецкага Саюза. Што да ўвагі… Не сказаць, што стаўленне да ветэранаў з боку дзяржавы зусім ужо дрэннае, але, канечне, не такое, як было раней. Няважна, колькі грошай беларуская дзяржава дасць ветэранам, але ж дасць, а ў нас пакуль нічога пра гэта не чуваць. Штогод да Дня Перамогі мы атрымлівалі “адрасную дапамогу” — дасылалі па пошце то 100, а то 200 грыўняў кожнаму. Па-рознаму было, але было. А ў гэтым годзе наўрад ці будзе…

Еўрарадыё: Не вельмі шмат нават у былыя гады…

Ігар Маліцкі: Гледзячы ў што пераводзіць! Вось калі, да прыкладу, перавесці на піва, то добра атрымлівалася, не тое што цяпер! (смяецца) 200 грыўняў — сума нармальная, падарунак не раскошны, але добры. Можна было іх патраціць на нешта патрэбнае для дома. Ну, і, канечне, збіраліся, банкецік невялікі сабе самі арганізоўвалі. І сёлета збяромся незалежна ад таго, будзе што ад дзяржавы ці не — ветэраны святкаваць будуць!

Еўрарадыё: Вы столькі ўсяго перажылі, а да гэтага часу выкладаеце, на конях верхам ездзіце, мабільнік, інтэрнэт — адкрыйце сакрэт: як заставацца і ў 90 гадоў такім актыўным?

Ігар Маліцкі: Калі нехта скажа, што галоўнае не піць і не курыць, то гэта не пра мяне. Я курыў з 13 гадоў да 45, пакуль у адзін дзень не ўзяў і не кінуў. Алкаголь да гэтага часу ўжываю, але рэдка: 100-150 грамаў з нейкай нагоды. Кожную раніцу бегаю да крыніцы, акунуся, набяру вады. Хаджу на паляванне, на рыбалку, у грыбы, езджу на кані — я казачы палкоўнік. Але каб доўга жыць і быць актыўным, адкрыю сакрэт мужчынам, неабходна выконваць тры галоўныя ўмовы: не быць сквапным, не быць зайздросным і любіць жанчын. Таму я і студэнткам сваім ніколі двоек не стаўлю! 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі