Віцэ-прэм'ер Сямашка зноў дамаўляецца з "Газпрамам" пра зніжку на газ
Віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка 7 чэрвеня прыляцеў у Маскву на перамовы з кіраўніком "Газпрома" Аляксеем Мілерам, перадае interfax.by. Гэты візіт адбываецца напярэдадні заўтрашняга прыезду расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна ў Мінск.
Раней паведамлялася, што "Газпрам" лічыць, быццам Беларусь недаплочвае за пастаўкі газу. Па падліках расійскага боку, наша краіна завінавацілася "Газпраму" ўжо больш за 220 мільёнаў долараў.
У сваю чаргу афіцыйны Мінск мяркуе, што кошт газу павінен быць істотна зніжаны.
У паведамленні расійскай кампаніі гаворыцца, што "бакі разгледзелі актуальныя пытанні супрацоўніцтва ў газавай сферы". Кіраўнік "Газпрама" адзначыў, што яго кампанія цалкам забяспечвае неабходныя пастаўкі газу ў Беларусь, а "Газпрам трансгаз Беларусь" з'яўляецца найбуйнейшым падаткаплатнікам у нашай краіне.
Пра вынік перамоваў пакуль нічога не паведамляецца.