Віцэ-спікер польскага Сейма стала непажаданай асобай у Беларусі і Расіі

Віцэ-спікер польскага Сейма стала непажаданай асобай у Беларусі і Расіі

Віцэ-спікер Сейма Польшчы Малгажата Гасеўска трапіла ў расійскі "чорны спіс". Пра гэта яна даведалася 29 верасня, калі ехала ў Беларусь, перадае "Польскае радыё".

Польская палітык адзначыла, што на беларускай мяжы адчула, што да яе змянілася стаўленне ў параўнанні з папярэднімі візітамі.

"Мне паведамілі, што мне не рады, а дакладней — што мне забаронены ўезд у РФ. Не зразумела толькі, чаму я даведаюся пра гэтаым ад беларускіх памежнікаў", — пракаментавала Гасеўска.

Хаця віцэ-спікер Сейма ехала на аўтамабілі генконсула Польшчы ў Гродне, памежнікі спрабавалі праверыць яе багаж.

У каментары парталу TUT.by афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Антон Бычкоўскі пацвердзіў словы польскага палітыка.

"Ёй паведамілі, што яна з'яўляецца непажаданай асобай на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы — гэта значыць, Беларусі і Расіі. У сувязі з тым, што з удзелам Малгажаты Гасеўскай былі запланаваныя афіцыйныя мерапрыемствы ў Гродзенскай вобласці, па дазволе кампетэнтных асоб для яе было зроблена выключэнне і яе пусцілі ў Беларусь. Аднак віцэ-спікера сейма Польшчы папярэдзілі пра тое, што ёй забаронены ўезд у Расію", — распавёў ён.

У Беларусі Гасеўска сустракалася з прадстаўнікамі польскай дыяспары. У Гродне яна ўсклала кветкі да магіл палякаў, якія ў 1939 годзе абаранялі горад ад савецкага наступу. А ў Ваўкавыску віцэ-спікер Сейма ўдзельнічала ў інаўгурацыі новага навучальнага года ў польскай школе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі