Віцяблянам дазволілі даваць гарачую ваду два разы ў тыдзень

Віцяблянам дазволілі даваць гарачую ваду два разы ў тыдзень

Віцебскі аблвыканкам сваім рашэннем ад 29 сакавіка прыняў змены ў сваё рашэнне "Аб пераліку дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва Віцебскай вобласці". Перад гэтым змены ў дакумент апошні раз прымаліся ў 2018 годзе.

У новай рэдакцыі дакумента знік пункт пра абавязковасць дзяржаўных сацыяльных стандартаў для арганізацый усіх формаў уласнасці.

Сам пералік сацыяльных стандартаў абноўлены. Напрыклад, знікла норма забеспячэння вадой людзей, якія пражываюць у жылых дамах з цэнтралізаваным водазабеспячэннем і каналізацыяй, пішуць "Народныя навіны Віцебска".

Разам з тым пазначана, што да 2026 года ў гарадах і гарадскіх пасёлках вадаправод павінен быць у 100% жыхароў, а ў аграгарадках — у 85%.

Раней ў дакуменце адзначалася, што гарачая вада павінна быць у грамадзян штодня. Згодна з новымі нормамі, да 2025 года ў выключных выпадках з улікам фінансава-тэхнічных магчымасцяў у міжацяпляльны перыяд дапускаецца даваць гарачую ваду па графіках, зацверджаных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Праўда, быць яна павінная не менш за два дні ў тыдзень.

Памянялася норма пра колькасць грамадскіх прыбіральняў. Раней, напрыклад, патрабавалася 1 грамадская прыбіральня на 1000 чалавек, цяпер гаворыцца толькі пра адзін прыбор на тую ж колькасць жыхароў.

Павялічыліся патрабаванні да камп'ютарызацыі навучання: адзін камп'ютар або ноўтбук павінен быць на 10 вучняў, а не 30, як раней. Кожная школа абавязаная мець як мінімум два камп'ютарныя класы (раней быў адзін).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі