Відэаапытанне: што выбаршчыкі ведаюць пра сваіх кандыдатаў
Ці ведаюць сваіх кандыдатаў у дэпутаты выбаршчыкі? Выпраўляемся ў раён Камвольнага камбіната ў Мінску. Тут, у будынку камбіната, месціцца Купалаўская выбарчая акруга №195, а побач на прыпынку стаіць стэнд з інфармацыяй пра кандыдатаў.
"Скажу шчыра, слаба ведаю кандыдатаў. Толькі з лецішча прыехала, таму не вельмі ў курсе, — прызнаецца жанчына. — Я толькі прыехала, са скрыні яшчэ не даставала ўлёткі. Вось буду толькі цікавіцца".
У будынак камбіната заходзяць людзі. Вакол шмат мінакоў — бягуць ці ў краму побач, ці проста па справах.
"Я ж не бачыла ніводнага кандыдата, — абураецца жанчына гадоў 80-ці. — І тых, хто дагэтуль быў, не бачыла, а яны ж мусяць прысутнічаць там, дзе іх раён. Памятаю сваё першае галасаванне — прыязджаў дэпутат. А цяпер... Ён жа павінен плошчу сабраць, каб прыйшлі людзі і яго выслухалі, і ведалі б шмат чаго, і дзе яго шукаць, калі спатрэбіцца. А так, што гэта за дэпутат, калі яго ніхто не бачыў?"
Многія нашы суразмоўцы кажуць, што не ведаюць сваіх кандыдатаў, таму што гэтым не цікавяцца. Іншыя — што не жадаюць ведаць, бо не вераць чыноўнікам і на выбары ўвогуле не пойдуць.
"Нічога не ведаем, толькі адны паперкі ў нас. І галасаваць мы не будзем, — як адразае жанчына ў сонечных акулярах. — Таму што не хочам, бо ніхто нічога не выконвае. Для народа не робіцца нічога. Як толькі займаюць свае крэслы, пра народ забываюцца".
Але сярод большасці абыякавых грамадзян сустракаюцца і свядомыя.
"Я ўжо прагаласаваў за Няхайчык Аксану Уладзіміраўну, — рапартуе малады высокі хлопец ва ўніформе. — Ведаю, што яна даўно сядзіць у Палаце, яна добрая жанчына, я нават на жыва яе бачыў і размаўляў — вельмі прыемная жанчына. Наконт таго, што яна карыснага зрабіла... Моцнага ўплыву, вядома, на краіну не аказвае, але мне падабаецца. З усіх кандыдатаў яна выдзяляецца па паказчыку заробку і прэстыжы адукацыі".
У нейкі момант з двароў з'яўляецца бландынка гадоў 55-ці са словамі: "Хто гэта тут у нас інтэрв'ю бярэ?". Жанчына (падобная да тых, хто ладзіць выбары) круціць у руках бэйдж журналіста, ухіляецца ад камеры і махае рукой у бок стэнда на прыпынку:
"Я вам нічога адказваць не буду. Не лавіце мяне. Усё мы ведаем пра сваіх кандыдатаў. Вунь, інфармацыі колькі хочаш. Чытайце".
Чытаць тое, што напісана на стэндах — не варыянт, лічыць мужчына з бутэлькай піва. Маўляў, вось калі б з гэтымі кандыдатамі пагутарыць, а ад плакатаў ніякага толку. Але "класічныя" бабулі на лаўцы ля пад'езда трымаюцца іншых поглядаў.
"Кандыдаты — усе людзі разумныя, яны павывучваліся, і дай Бог ім у добры шлях, — пенсіянеркі нават ужо датэрмінова прагаласавалі. — У нядзелю будзем тут на лаўцы сядзець і адпачываць".
На развітанне ля заакрамы спыняем маладога чалавека. Ён нічога не ведае пра кандыдатаў у дэпутаты сваёй акругі і галасаваць не збіраецца:
"Аднойчы ў 94-м годзе прагаласаваў мой бацька. Гэтага дагэтуль хапіла".