Віктара Бабарыку перавялі ў новы барак, дзе складаней чытаць і пісаць
Віктар Бабарыка / @viktarbabarykaofficial
Экс-банкіра Віктара Бабарыку ў калоніі перавялі ў новы барак. Умовы для чытання і пісання тут адчувальна горшыя, расказваюць праваабаронцы. Яны даведаліся пра гэта з апошняга ліста Бабарыкі.
Паводле яго слоў, "апошні тыдзень выдаўся досыць багаты на лісты", а ён не можа своечасова адказаць. Адна з прычын палягае ў тым, што яго перавялі ў іншы барак, дзе "ўмовы для чытання-пісання наогул засмучальныя".
"Так што пісаць удаецца з вялікай цяжкасцю, але, спадзяюся, мне даруюць затрымку з адказамі", — піша Бабарыка.
Ён падзякаваў сваім адрасатам за навіны, якія яны яму расказваюць, хоць адзначыў, што навінавы шэраг "сумны". Але гэта лепш, чым заставацца зусім у інфармацыйным вакууме.
Віктара Бабарыку, які заявіў пра сваё жаданне паўдзельнічаць у выбарах прэзідэнта ў 2020 годзе, затрымалі ў самым пачатку кампаніі. Праз год яго асудзілі на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Віны ён не прызнаў, а выстаўленыя супраць яго абвінавачванні назваў палітычна матываванымі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.