Вікторыя Азаранка выйшла ў чвэрцьфінал "Australian Open"
Вікторыя Азаранка выйшла ў чвэрцьфінал адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе, які адбываецца ў Мельбурне.
25 студзеня беларуская спартоўка атрымала перамогу над чэшскай тэнісісткай Барбарай Стрыцавай — 6:2, 6:4. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 26 хвілін.
Нагадаем, што перад гэтым Азаранка перамагла бельгійку Элісан Ван Эйтванк (6:0, 6:0), чарнагорку Данку Кавініч (6:1, 6:2) і японку Наомі Осаку (6:1, 6:1).
Саперніцай беларускі за выхад у паўфінал стане немка Ангеліка Кербер. Раней Азаранка сустракалася з ёй шэсць разоў і кожны раз перамагала.
Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі завершыцца 31 студзеня.