Вільня можа стаць першым горадам “без забаронаў”
Мэр Вільні Рэмігіюс Шымашус прадставіў новую ініцыятыву, паводле якой забараняльныя знакі будуць замененыя на пазітыўныя знакі з парадамі.
“Вільня становіцца першым горадам без забаронаў. Правілы пражывання пачынаюць падавацца тут прыязна, у выглядзе парадаў”, — напісаў мэр на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
На думку Шымашуса, парады, якія будуць давацца на знаках, нашмат больш інфарматыўныя, чым перакрэсленыя знакі з забаронай.
Цяпер, да прыкладу, замест знака “Забаронена ўжываць алкаголь” з’явіцца знак “Зона цвярозасці”, замест “Паліць забаронена” — “Зона без дыму”. А замест знакаў, якія забараняюць выгул сабак, з’явяцца таблічкі з надпісамі “Зона бяспечных прагулак”.
Жыхары горада пазітыўна ацанілі ініцыятыву мэра. Але прапанавалі дубляваць надпісы па-англійску, бо некаторыя таблічкі могуць быць незразумелымі для гасцей Вільні. Да прыкладу, постаць сабакі, які рухаецца на хвалях — гэта “Пляж для хатніх жывёлаў”, а зону цвярозасці абазначае шклянка з морквай.