Vlad Buben і Lesley Knife прэзентуюць у сеціве альбом "Into Self"
Гэтага дня сумесны праект музыкаў чакаў 10 гадоў.
Агульны альбом Улада Бубена і Lesley Knife "Into Self" выкладзены ў сеціва для вольнага спампоўвання і праслухоўвання. Запіс быў выдадзены пад брэндам Aesar як спліт-альбом з гуртом Mitchibitchi на Віцебскім лэйбле BUTT Records у пачатку нулявых.
Альбом спецыяльна быў рэмастэрынгаваны Уладам Бубнам для інтэрнэт-рэлізу. Героі андэграўнда з усмешкай перачытваюць радкі рэлізу тых часоў, якія расказваюць пра тое, што "праект з'яўляецца канцэптуальным і яўляе сабою чаргу звязаных па сэнсе музычна-гукавых опусаў. Асноўная ідэя — пераасэнсаванне ролі інтэрнэта і працэсу камп'ютарызацыі ў жыціі сучаснага чалавека".
Альбом з'явіўся ў сеціве праз 10 гадоў пасля адзінага жывога выступу праекту, які адбыўся зімой 2003 года. Перавыданне дазваляе слухачам сесці ў машыну часу і трапіць на гэты канцэрт, успаміны пра які па рэштках можна знайсці ў інтэрнэце.