Вялікабрытанія пацвердзіла адпраўку салдатаў на польска-беларускую мяжу
Вайскоўцы Польшчы на мяжы з Беларуссю / ТАСС / БЕЛТА
Лондан афіцыйна пацвердзіў адпраўку брытанскіх салдатаў на польска-беларускую мяжу, паведамляе Міністэрства абароны Вялікабрытаніі ў Твітэры.
"Невялікая група брытанскіх вайскоўцаў пасля дамоўленасці з урадам Польшчы была накіраваная, каб вывучаць якую інжынерную падтрымку мы можам аказаць, каб вырашыць сітуацыю на мяжы з Беларуссю", — гаворыцца ў заяве брытанскага абароннага ведамства.
Раней міністр нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак расказаў, што брытанскія вайскоўцы дапамогуць Польшчы ўмацаваць агароджу на мяжы з Беларуссю.
Як паведамляла Еўрарадыё, пра тое, што Польшчы трэба аказаць дапамогу ў абароне знешняй мяжы Еўрасаюза, заявіў выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных спраў ФРГ Хорст Зеехофер. Ён таксама заклікаў краіны ЕС да згуртаванасці ў гэтым пытанні. Сітуацыю на мяжы Беларусі з краінамі ЕС і міграцыйны крызіс будзе абмяркоўвацца ў пятніцу ў Парыжы на сустрэчы кіраўнікоў МЗС і Мінабароны Францыі і Расіі.
Крызіс на мяжы Беларусі з краінамі ЕС рэзка абвастрыўся 8 лістапада. Некалькі тысяч чалавек прыйшлі да польскай мяжы ў надзеі прарвацца праз тэрыторыю Польшчы далей у Нямеччыну. Яны разбілі лагер у лесе і перыядычна робяць спробы прарвацца праз мяжу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.