Вяскоўцы дамагліся вяртання чыгуначнага прыпынку
Цягнік Віцебск — Мінск будзе спыняцца на прыпынку Загацце, што на Глыбоччыне.
Cтала гэта магчымым дзякуючы актыўнай пазіцыі моладзі, якая арганізавала збор подпісаў пад зваротам да ўладаў і кіраўніцтва Беларускай чыгункі.
Да траўня гэтага года ў Загацці спыняліся цягнікі Мінск — Полацк і Віцебск — Друя — Лынтупы, што забяспечвала добрую камунікацыю вёскі Ломашы ды суседніх вёсак з абласным цэнтрам і сталіцай. Потым кіраўніцтва чыгункі адмяніла абодва цягнікі, прызначыла замест іх цягнік Мінск — Віцебск, які ў Загацці не спыняўся.
Адметна, што да 1939 года Загацце было прыгранічнай станцыяй, і цягнікі адсюль хадзілі да Вільні і нават да Варшавы. Тут захаваўся будынак вакзала, пабудаваны яшчэ ў XIX стагоддзі. Побач з Загаццем знаходзіцца вялікая вёска Ломашы.
Адмену прыпынку кіраўніцтва чыгункі тлумачыла малым пасажырапатокам. Гэта абурыла вяскоўцаў, і яны сабралі больш за 200 подпісаў пад зваротам да кіраўніцтва чыгункі з патрабаванням вярнуць ім прыпынак. Адметна тое, што ініцыятыву праявіла моладзь, якая стварыла адмысловую групу у сацыяльнай сетцы Укантакце. Праз гэту групу шукалі новых валанцёраў і каардынаваліся дзеянні. Леся Бурта, якая вучыцца ў Полацку, сабрала большую частку подпісаў. Расказвае дзяўчына:
“Я сядзела ў інтэрнэце і зайшла ў групу, каб зрабіць прыпынак. Я паглядзела каментарыі і вырашыла дабавіць свой. Калі гэта акцыя пачалася, адміністратар групы звярнуўся, хто чым можа дапамагчы. Я прапанавала, што магу сабраць подпісы, прайсціся па вёсках. Ну, прайшла, сабрала, мне гэта нічога такога не каштавала”.
Жыхары Ломашаў і навакольных вёсак паказалі прыклад таго, што разам можна бараніць свае інтарэсы перад дзяржаўнымі структурамі. Асабліва важна, што ініцыятыву праявіла моладзь. І вынік дасягнуты, з 27 кастрычніка цягнікі будуць спыняцца на чыгуначным прыпынку Загацце.
Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праграмы Кардыяграма