Выкананне ва Украіне гімна Беларусі пад забарону не трапляе

Ва Украіне прызналі камуністычны і нацыянал-сацыялістычны рэжымы злачыннымі і забаранілі выкарыстоўваць іх сімволіку. Адпаведны закон 9 красавіка прыняла Вярхоўная Рада. Паводле гэтага закона, на тэрыторыі Украіны забароненае “публічнае выкананне гімнаў СССР, УССР, іншых саюзных савецкіх рэспублік альбо іх фрагментаў”.

Ці не трапляе пад забарону дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусі, да прыкладу, падчас футбольнага матча паміж зборнымі Беларусі і Украіны? Бо хоць тэкст гімна і быў перапісаны ў 2002 годзе Уладзімірам Карызнай “з улікам новых палітычных рэалій”, але музыка засталася яшчэ “савецкай” — яе для гімна Беларускай ССР напісаў у 1955 годзе Нестар Сакалоўскі.

Як тлумачыць Еўрарадыё дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Ягор Фірсаў, за парушэнне “антыкамуністычнага” закона не прадугледжвацца ніякага пакарання.

Фірсаў: “Гэта проста палітычнае рашэнне, якое не мае нейкай канкрэтнай санкцыі. Ну, да прыкладу, калі я буду ісці па вуліцы ў футболцы з надпісам “СССР”, то мяне не затрымаюць, не пасадзяць за гэта ў турму і не дадуць 10 гадоў зняволення. Таму нічога страшнага няма ў тым, што ваша зборная да нас прыедзе і будзе выконвацца гімн Беларусі”.

І не пакараюць беларускага амбасадара за беларускі сцяг з гербам на яго машыне, у які, як вядома, таксама засталося шмат “фрагментаў” ад сцяга ды герба Беларускай ССР.

Тым не менш ужо стала вядома, што ў адпаведнасці з прынятым Радай законам аб забароне камуністычнай сімволікі мясцовыя ўлады цягам 6 месяцаў павінныя будуць дэмантаваць усе помнікі савецкім дзеячам.

Ілюстратыўнае фота з сайта president.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі