Выказваем заклапочанасць: пры талібах у крыкет не пагуляеш — "не абавязкова"

Агляд навін у свеце / калаж Еўрарадыё
Агляд навін у свеце / калаж Еўрарадыё

"Талібан" расказаў, чаму жанчынам не трэба займацца спортам. У Парыжы праходзіць гістарычны суд. Гэтыя і іншыя навіны — у рэгулярным аглядзе Еўрарадыё.
 

Спрабаваў выратаваць чалавека

Яшчэ сёння а пятай раніцы прэс-служба МНС Расіі расказвала, што іх міністр правярае ход будаўніцтва пажарнай часці ў Нарыльску. Некалькі гадзін таму стала вядома: кіраўнік МНС Яўген Зінічаў загінуў. Ён спрабаваў выратаваць рэжысёра Аляксандра Мельніка.

Зінічаў прыехаў на вучэнні па абароне арктычнай вобласці ад НС. Адпрацоўвалі розныя сцэнары: пажар на судне з небяспечнымі хімікатамі, разліў нафты, выбух рэзервуара з нафтапрадуктамі. Зінічаў павінен быў кантраляваць трэніроўку на гэтых вучэннях.

Рэжысёр Мельнік адправіўся ў Нарыльск, каб выбраць месца для здымкі дакументальнага фільма пра развіццё Арктыкі.

Паводле звестак РБК, трагедыя адбылася ў час ведамаснай здымкі. Рэжысёр паслізнуўся ля краю абрыву, Зінічаў паспрабаваў яго ўтрымаць. Яны абодва загінулі.

 

Гістарычны суд у Парыжы

Праз тэракты ў 2015 годзе ў Парыжы загінулі 130 чалавек. Некалькі атак былі здзейсненыя амаль адначасова: выбухі прагрымелі ля стадыёна "Стад-дэ-Франс", тэрарысты расстралялі наведвальнікаў некалькіх рэстаранаў. У канцэртнай зале "Батаклан" расстралялі гледачоў, у закладнікі ўзялі 100 чалавек.

Адказнасць за тэракты ўзяла ІД. Яны назвалі гэта "11 верасня па-французску".

Цяпер вінаватых будуць судзіць, і гэта будзе найбуйнейшы суд у гісторыі Францыі. Для яго ў Парыжы пабудавалі спецыяльную залу.

З нападнікаў выжыў толькі адзін чалавек — Салах Абдэслам. Калі ў судзе яго папрасілі назваць прафесію, ён сказаў: салдат ІД. Акрамя яго, на лаве падсудных — яшчэ 13 чалавек, іх абвінавачваюць у фінансаванні і планаванні тэрактаў. Яшчэ шасцярых судзяць завочна.

Суд працягнецца 9 месяцаў. Туды прыйдуць 1800 тых, хто выжыў, і сваякоў ахвяр, там заслухаюць 300 сведак.

Сярод іх будзе Франсуа Аланд, які ў той год быў прэзідэнтам Францыі. Тады, знаходзячыся на пасадзе прэзідэнта, ён назваў тое, што здарылася, "актам вайны".

Спорт — гэта не абавязкова

Міністр культуры "Талібана" сказаў: Іслам дазваляе жанчынам выходзіць на вуліцу па меры неабходнасці. Спорт не ёсць неабходнасць. Адным словам, з жаночымі спартыўнымі зборнымі ў краіне, здаецца, скончана.

Так міністр растлумачыў, ці змогуць жанчыны працягнуць гуляць у крыкет.

"Я не думаю, што жанчынам будзе дазволена гуляць у крыкет, таму што няма неабходнасці, каб жанчыны гулялі ў крыкет", — сказаў міністр культуры.

Усё таму, што ў гульні жанчыны могуць сутыкнуцца з сітуацыяй, калі твар і цела не будуць у дастатковай меры прыкрытыя. А яшчэ фота і відэа могуць трапіць у СМІ, людзі гэта ўбачаць.

"Іслам і Ісламскі Эмірат не дазваляюць жанчынам гуляць у крыкет або займацца спортам, у якім яны могуць быць распранутыя".
 

Данія хоча прымусіць адпрацоўваць дапамогі

Данія прыдумала, як дапамагчы мігрантам асімілявацца, але, калі на тое, не ўсім гэта спадабалася. Па новых правілах тыя, хто атрымліваў дапамогу на працягу некалькіх гадоў і за гэты час не вывучыў дацкую мову, цяпер павінны будуць адпрацоўваць гэтыя выплаты.

Гэта значыць, некаторых мігрантаў абавяжуць працаваць 37 гадзін на тыдзень, каб атрымліваць сацыяльную дапамогу. Ва ўрадзе сказалі, што гэтыя правілы ў першую чаргу датычацца жанчын нееўрапейскага паходжання, якія жывуць за кошт дапамог.

У апошнія гады Данія неаднаразова рабіла больш жорсткай іміграцыйную палітыку.

У цяперашні час у каралеўстве дзейнічаюць адны з самых жорсткіх правілаў у Еўропе ў гэтай сферы.

У гэтай ідэі ёсць сапернікі, якія лічаць новаўвядзенне несправядлівым. Апаненты лічаць, што гэта прывядзе краіну да сацыяльнага дэмпінгу пад кантролем дзяржавы, а людзей проста будуць адпраўляць на "вар'яцкія работы".

Самі мігранты кажуць, што і рады б працаваць — вось толькі знайсці месца не так проста.
 

Змены клімату — змены дзюбы

Не толькі людзі, але і жывёлы цяжка пераносяць змены клімату. І навукоўцы высветлілі, як яны падладжваюцца пад новыя ўмовы жыцця.

Аказваецца, цеплакроўныя віды змяняюцца нават вонкава. Ногі, вушы і дзюбы ў іх становяцца большымі. Большае крыло, вуха ці дзюба дае вялікую плошчу паверхні, а гэта дапамагае пазбаўляцца ад залішняга цяпла.

У даследаванні гаворыцца, што ў некаторых відаў аўстралійскіх папугаяў памер дзюбы павялічыўся на 4–10% з 1871 года. Гэта суадносіцца з рэгулярным падвышэннем летніх тэмператур.

Навукоўцы кажуць: калі планета і далей будзе награвацца, мы можам убачыць жывога Дамба — сланяня з ну вельмі вялікімі вушамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі