Выказваем заклапочанасць: спецназ спрабуе ў дэмакратыю, афганцы не здаюцца
Кароткі агляд сусветных навін / Еўрарадыё
Палесцінцы выкапалі тунэль з ізраільскай турмы з дапамогай лыжкі, у адной з самых бедных краін свету — ваенны пераварот, а Кім Чэн Ын ніяк не кіне курыць.
Талібы перамаглі апошніх паўстанцаў. Або не
"Талібан" сказаў, што перамог апошніх паўстанцаў у Афганістане. Гаворка ідзе пра цясніну Панджшэр, дзе ў выходныя ішлі баі паміж талібамі і Фронтам нацыянальнага супраціву Афганістана. "Талібан" нават размясціў у сацыяльных сетках здымкі, на якіх талібы стаяць ля варот рэзідэнцыі губернатара правінцыі. Мясцовае насельніцтва талібы паабяцалі не дыскрымінаваць.
Тым часам сам ФНС не разумее, што маюць на ўвазе талібы: маўляў, ніхто іх пакуль яшчэ не перамог.
Лідар паўстанцаў Ахмад Масуд звярнуўся да афганцаў праз твітар і заклікаў да барацьбы з "Талібанам". Па яго словах, талібы не змяніліся, а толькі радыкалізаваліся. Сусветных лідараў ён таксама заклікаў не назіраць безуважна за тым, што адбываецца, а "хоць неяк выправіць памылкі", піша ВВС.
Ад дэмакратыі да дыктатуры адзін крок
"Гвінея цудоўная. Досыць нам гвалтаваць Гвінею, давайце проста зоймемся з ёй каханнем", — з такім кранальным зваротам выступіў па тэлебачанні падпалкоўнік Мамадзі Думбуя.
Усё б нічога, але менавіта ён узначальвае мяцежнікаў, якія напярэдадні, як сцвярджаецца, арыштавалі прэзідэнта Альфа Кондэ і распусцілі ўрад. Цяпер у краіне каменданцкая гадзіна і закрытыя межы.
Пераварот арганізаваў ваенны спецназ Гвінеі. Мінабароны заявіла, што спроба перавароту сарваная, але Кондэ на публіцы пакуль так ніхто і не бачыў. Затое бачылі здымкі, на якіх ён быў басанож, у расшпіленай кашулі і акружаны людзьмі са зброяй.
Спецназ вырашыў зрынуць Кондэ як дыктатара. А ён быў першым дэмакратычна абраным прэзідэнтам Гвінеі. А да гэтага амаль усё жыццё правёў у апазіцыі, змагаючыся за правы гвінейцаў, аднаго з самых бедных народаў Афрыкі, на свабодныя выбары.
Кондэ двойчы пераабіралі на новы тэрмін. А перад выбарамі 2020 года ён правёў праект новай Канстытуцыі. Адгадайце, што яму гэта дало? Магчымасць зноў балатавацца.
У канцы 2020 года ён пераабраўся на трэці тэрмін, апазыцыя абвінаваціла яго ў фальсіфікацыях. Потым пачаліся сутыкненні пратэстоўцаў з паліцыяй. Некалькіх лідараў апазіцыі арыштавалі і абвінавацілі ў арганізацыі беспарадкаў.
Якая выснова? Ад дэмакратыі да дыктатуры адзін крок. І здаецца, гэты крок — абнуленне.
Але і спробу спецназа ўсталяваць у Гвінеі новы лепшы парадак ужо асудзілі — і ААН, і Афрыканскі Саюз, і Расія. ЗША, здаецца, таксама: там сказалі, што ўсё, што адбываецца, можа абцяжарыць падтрымку ў адрас Гвінеі з іх боку.
Як кінуць курыць раз і назаўжды
Кім Чэн Ын чарговы раз сарваўся і закурыў на публіцы. Гэтым разам проста на цырымоніі ўзнагароджвання.
Гэта не першы выпадак, калі Кіма бачаць на публіцы з цыгарэтай. Так, яго знялі, калі ён курыў ля бронецягніка, на якім ён ехаў на сустрэчу з лідарам ЗША Дональдам Трампам у 2019 годзе.
Пры гэтым у Паўночнай Карэі намагаюцца змагацца з курэннем. З гэтым сур'ёзная праблема: курыць каля паловы мужчынскага насельніцтва. І вось летась, напрыклад, там забаранілі курыць у грамадскіх месцах.
Але хто ўгаворыць Кіма кінуць курыць? Яго жонка ўжо прызнавалася: яна спрабавала, але Кім не слухае.
Падкоп лыжкай
Шасцёра палесцінскіх зняволеных уцяклі з ізраільскай турмы.
Яны здолелі вырыць тунэль, які стартаваў у ванным пакоі і заканчваўся ля дарогі за межамі турмы. Мяркуецца, што яны капалі тунэль лыжкай.
Людзей, якія бегалі па полі, заўважылі фермеры. Яны і падалі сігнал уладам. Сярод уцекачоў — былы лідар баевікоў групоўкі "Брыгада пакутнікаў Аль-Аксы" і пяць сябраў "Ісламскага джыхаду".
Пяцёра з уцекачоў адбывалі пажыццёвае зняволенне — іх прызналі вінаватымі ў забойствах ізраільцян. Шостага зняволенага якраз судзілі па дваццаці эпізодах, уключаючы замах на забойства.
Прадстаўнік Ізраіля назваў гэты інцыдэнт "сур'ёзным правалам у сферы бяспекі і выведкі". У групоўкі палесцінскіх баевікоў іншае меркаванне: яны назвалі яго "гераічным".
Спыніцеся!
Дакладней так: калі больш няма сіл ісці, можаце спыніцца. Навукоўцы высветлілі: для падтрымання здароўя і зніжэння рызыкі заўчаснай смяротнасці не трэба праходзіць 10 тысяч крокаў за дзень. Будзе досыць і сямі тысяч. Добрая навіна для гультаёў і офісных работнікаў!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.