"Выказвалі незадаволенасць прэзідэнтам": за што судзілі франтмена РСП

Павел Гарадніцкі / з архіву Еўрарадыё​
Павел Гарадніцкі / з архіву Еўрарадыё​

Гурт "Разбітае сэрца пацана" паспеў праспяваць толькі адну песню да таго, як у залу на базе адпачынку "Огонёк" пад Смалявічамі ўварваўся АМАП, расказаў у судзе франтмен гурта Павел Гарадніцкі. Напярэдадні яго асудзілі на 15 сутак за "парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў".

Падрабязнасці працэсу ў аўторак сталі вядомыя парталу TUT.BY. Справу Гарадніцкага разглядаў суд Лагойскага раёна. У судзе прагучала, што музыка ўдзельнічаў у правядзенні несанкцыянаванага мітынгу, а таксама што на мерапрыемстве выкарыстоўваліся БЧБ-сцягі і "выказвалі незадаволенасць у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь".

Музыка сябе вінаватым не прызнаў. Ён расказаў, што група прыехала на базу "Огонёк" па запрашэнні кампаніі са Смалявічаў адыграць канцэрт да Дня Святога Валянціна.

"Мы часта ездзім на карпаратывы, без лішніх пытанняў мы пагадзіліся. Тым больш наш гурт спявае пра няшчаснае каханне", — патлумачыў ён у судзе.

Перад РСП выступала LEAR (Валерыя Суравіцкая).

"Мы выйшлі на сцэну, сыгралі адну песню, і ўварваўся АМАП. Я не чуў, каб на канцэрце выкрыквалі лозунгі, і сцягоў не бачыў", — расказаў Павел Гарадніцкі. На пытанне суддзі "Дык за што вас затрымалі?" музыка выказаў здагадку, што "па сутнасці, нас затрымалі за тое, што ў кагосьці з гледачоў былі сцягі... яны, напэўна, былі ў заплечніках".

Калі ўварваўся АМАП, Павел Гарадніцкі падумаў, што гэта розыгрыш.

"Думаю, вось хлопцы падрыхтаваліся. Але потым аказалася, што гэта не жарт", — кажа ён.

У судзе таксама былі зачытаныя паказанні кіраўніка" базы "Огонёк" Аляксандра Паласевіча. Паводле яго слоў, залу браніравала дзяўчына, сказала, што будуць адзначаць дзень нараджэння. Меркавалася, што на свяце будзе каля 25 чалавек, а прыехала каля 50.

"Што яны праводзілі нейкія апазіцыйныя мерапрыемствы, я не ведаў", — сказаў Паласевіч.

13 лютага на базе адпачынку "Огонёк" у пасёлку Сокал Смалявіцкага раёна супрацоўнікі АМАП затрымалі ўдзельнікаў і гледачоў канцэрта. Паводле версіі МУС, гэта быў не канцэрт, а "несанкцыянаванае масавае мерапрыемства з выкарыстаннем бчб-сімволікі", якое супрацоўнікі праваахоўных органаў спынілі. Было затрымана 68 чалавек, у тым ліку і музыкі. Напярэдадні прайшлі першыя суды над імі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі