Выкладчыкі Акадэміі МУС аспрэчваюць закон аб канфіскацыі аўто у нецвярозых
Выкладчыкі Акадэміі Міністэрства унутраных спраў указваюць на абсурднасць некаторых сітуацый, якія пачалі ўзнікаць пасля прыняцця закона аб канфіскацыі машын у п’яных кіроўцаў. Артыкул з крытыкай закона надрукаваны ў часопісе Генеральнай пракуратуры.
У ім некалькі гісторый. Адна здарылася год таму ў Буда-Кашалёўскім раёне. Трактарыст прыватнага прадпрыемства "Эксбаза "Пенчын"" у другі раз трапіўся п'яным за рулём трактара, што належаў "Пенчыну". Трактар "Беларус" забралі па рашэнні суда, хоць ён і не належаў п'яніцы-кіроўцу. Але цымус гісторыі нават не ў гэтым ― трактар прадпрыемства ўзяло ў лізінг. Са 170 мільёнаў, якія ён каштаваў, было выплачана ўсяго 16. "Пенчын" падаў у суд на свайго былога трактарыста, адсудзіў у яго грошы. Але не 170 мільёнаў, а толькі 16, бо фактычна страты на дадзены момант такія. Юрыст прадпрыемства Аксана Хвасцянкова расказвае Еўрарадыё, што гэтая гісторыя працягваецца:
" У нас з тым трактарам такая сітуацыя ― мы выплацілі яшчэ 20 мільёнаў за яго і будзем падаваць у суд на таго трактарыста, каб ён нам іх кампенсаваў".
І далей будзе яшчэ весялей. У "Пенчыне" пакуль не ведаюць, калі змогуць цалкам разлічыцца за трактар з лізінгавай кампаніяй. А пакуль не разлічацца, не могуць падаваць у суд на свайго былога трактарыста. Але ўсіх грошай, хутчэй за ўсё, не ўбачаць увогуле. Бо па законе могуць разлічваць толькі на 20% ад яго штомесячнага заробку. Былога трактарыста нават уладкавалі на ферму чорнарабочым, каб ён мог хоць нейкія грошы плаціць. "Відаць, да смерці будзе расплачвацца", ― уздыхае юрыст прадпрыемства.
У сваім артыкуле выкладчыкі Акадэміі МУС сцвярджаюць, што "практычна ўсе канфіскаваныя транспартныя сродкі, што належаць прадпрыемствам, знаходзяцца ва ўласнасці менавіта сельскагаспадарчых прадпрыемстваў". Гаворачы простай мовай, гэта тыя ж трактары, канфіскаваныя ў п'яных трактарыстаў, якія працуюць у былых калгасах.
Былы генеральны пракурор і старшыня Канстытуцыйнага суда Рыгор Васілевіч, які цяпер кіруе кафедрай Канстытуцыйнага права ў БДУ, лічыць, што канфіскацыя дзяржаўных транспартных сродкаў ― гэта недапрацоўка ў заканадаўстве:
"Канфіскоўваць транспартны сродак, калі ён належыць дзяржаўнай установе, нельга. Бо канфіскацыя ― гэта пераход у маёмасць дзяржавы", ― разважае Васілевіч.
А вось з маёмасцю былых калгасаў і сучасных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў узнікаюць складанасці. Яны юрыдычна не цалкам належаць дзяржаве, гэта сумесная форма ўласнасці. Таму не да канца зразумела, што рабіць у такіх выпадках.
Рыгор Васілевіч кажа, што закон аб канфіскацыі транспартных сродкаў у нецвярозых кіроўцаў, гэта не адзіны прыклад юрыдычнай недасканаласці. Дзяржаўная маёмасць часта канфіскоўваецца дзяржавай яшчэ і на падставе мытнага заканадаўства:
"Калі транспартныя сродкі, якія належаць дзяржаўным установам, выкарыстоўваюцца для супрацьпраўных дзеянняў, правозу забароненых рэчаў праз мяжу", ― расказвае Рыгор Васілевіч.
Усе гэтыя прыклады могуць правесці да змены закона. Тым больш, што згодна з аўтарамі артыкула, транспартны сродак увогуле не можа канфіскоўвацца, калі "не было прычынена шкоды маёмасці, жыццю, альбо здароўю грамадзян".