Вынікі 2020 года ў турызме: у 5 разоў менш прыезджых, у 2,5 раза менш выручкі

Турпаток у аграэкатурызме ўпаў усяго на 15,8% / Еўрарадыё
Турпаток у аграэкатурызме ўпаў усяго на 15,8% / Еўрарадыё

Паводле звестак Белстата, у 2020 годзе ў Беларусі стала на 12,7% менш турыстычных арганізацый. У 2019 годзе іх было 1544, у мінулым засталося 1348.

Выручка ад турыстычных паслуг скарацілася больш чым у 2,5 раза. Яна склала 110,6 млн рублёў супраць 282,4 млн у 2019-м. Далі сябе адчуць пандэмія і палітычныя шокі мінулага года.

Замежных турыстаў і экскурсантаў прыехала ў Беларусь у пяць разоў менш, чым у 2019 годзе, — усяго 80,9 тысячы чалавек. Больш за ўсё гасцей было з Расіі (52,2 тысячы), Польшчы (13,5 тысячы) і Літвы (6,7 тысячы). А ў 2019 годзе наша краіна прыняла 405,5 тысячы турыстаў і экскурсантаў.

 

Любімыя месцы — Егіпет, Турцыя, Украіна

Итоги 2020 года в туризме: в 5 раз меньше приезжих, в 2,5 раза меньше выручки
Праз COVID-19 шмат каму ўсё ж давялося адпачываць дома / Еўрарадыё

Пандэмія не паўплывала на перавагі беларусаў. У 2020 годзе беларускія турысты ездзілі ў тыя ж краіны, што і раней. Вось толькі за год іх стала ў чатыры разы менш: 258,6 тысячы ў 2020-м супраць амаль 1 млн у 2019-м.

Больш за ўсё летась ездзілі ў Егіпет — 115,3 тысячы чалавек, у Турцыю — 62,5 тысячы, і ва Украіну — 12,2 тысячы. Дарэчы, з 2017 года грамадзяне Беларусі нязменна часцей ездзяць адпачываць ва Украіну, чым у Расію.

На фоне ўсёй турыстычнай галіны нядрэнна выглядае статыстыка па аграэкатурызме.

Тут хаця б не адбылося зніжэння турыстычнага патоку ў разы — ён зменшыўся толькі на 15,8%. У 2020 годзе аграсядзібы прынялі 433,2 тысячы чалавек (з іх 97,9% — нашы суайчыннікі). У 2019 годзе аграэкатурыстаў было 514,7 тысячы чалавек.

Суб'ектаў аграэкатурызму за год стала нават больш: некаторыя турбізнесы пераарыентаваліся на ўнутраны рынак. Калі ў 2019 годзе іх было 2760, то ў 2020-м — ужо 2936.

Хоць 2020 год і можна назваць чорным годам для турыстычнай галіны, аб'ектаў для размяшчэння турыстаў стала крыху больш: 1096 супраць 1089 годам раней. Пры гэтым засялілася туды нашмат менш людзей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі