Вырасла колькасць ахвяр учорашняй непагадзі на поўдні Беларусі
Ратавальнікі налічылі ўчора больш за 800 выпадкаў падзення дрэў
Чатыры чалавекі загінулі напярэдадні на поўдні Беларусі ад паваленых дрэў і элементаў дахаў. Віной усяму сталі непагадзь і моцны вецер. Двое з загінулых — дзеці. Хлопчыка прыціснула дрэвам у аздараўленчым лагеры ў Рэчыцкім раёне, на пяцігадовую дзяўчынку і яе маму звалілася бяроза ў Магілёўскім раёне. Яшчэ чатыры дзіцяці і адзін дарослы атрымалі траўмы.
Усяго ратавальнікі налічылі ўчора па краіне больш за 800 выпадкаў падзення дрэў. У Гомельскай вобласці пацярпелі 249 населеных пунктаў, у Брэсцкай — 12, у Магілёўскай — 7. Вецер пашкодзіў дахі 586 жылых дамоў, 7 аб'ектаў сацкультбыту і 146 сельскагаспадарчых будынкаў. Да прыкладу, у Добрушы вецер сарваў уцяпляльнік з тарца шматкватэрнага жылога дома на плошчы каля 50 кв.м. "Па выніках візуальнага абследавання апорныя канструкцыі дома не пашкоджаныя", — адзначылі ў МНС.
У Гомельскай вобласці частка населеных пунктаў яшчэ сёння раніцай заставаліся без вады і электрычнасці. Ад непагадзі, у прыватнасці, сур'ёзна пацярпеў Мазырскі раён. Сюды былі сцягнутыя аварыйныя брыгады з суседніх раёнаў, піша "Флагшток". Мясцовы водаканал арганізаваў падвоз вады, але толькі па двух адрасах: да палаца культуры "Будаўнік" і да рынку "Прывоз". "На 100-тысячны горад усяго дзве машыны з вадой?" — пыталі мясцовыя жыхары ў чатах. Мазырскі райвыканкам тым часам заявіў, што "сітуацыя знаходзіцца на кантролі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.