Выратаванае ў Хабараўскім краі тыграня перавезлі ў Мінскі заапарк

Тыгр, якога перадалі ў мінскі заапарк

Тыгр, якога перадалі ў мінскі заапарк / amur-tiger.ru

Выратаванае ў расійскім Хабараўскім краі тыграня перавезлі ў мінскі заапарк. Пад наглядам спецыялістаў яно правяло шэсць месяцаў, за якія стала зразумела, што праз рэдкую хваробу костак у дзікую прыроду яму не вярнуцца.

Трохмесячнага малога на збочыне дарогі заўважыла ў лістападзе 2023 года жыхарка вёскі Узнясенскае Амурскага раёна. Было падобна, што ён траўміраваны. Жанчына патэлефанавала брату, які захутаў тыграня ў коўдру і павёз на машыне ў Камсамольск-на-Амуры.

У ветклініцы яму паставілі дыягназ — пералом плечавой косткі на левай пярэдняй лапе. Тыграня перавезлі ў Хабараўск, у гарадскую станцыю па барацьбе з хваробамі жывёлаў. Там урачы правялі аперацыю па ўстаноўцы пласціны на костку.

Паралельна спецыялісты абследавалі мясцовасць, дзе быў знойдзены малы. Патрабавалася высветліць, ці не здарылася нешта з ягонай маці. Яе сляды атрымалася знайсці. З жывёлай усё было ў парадку.

Спасённого в Хабаровском крае тигренка перевезли в Минский зоопарк

Калі зламаная костка зраслася, пласціну знялі. Узважыўшы ўсе "за" і "супраць", спецыялісты прыйшлі да высновы, што тыграня рызыкоўна выпускаць у дзікую прыроду. Распрыроднагляд пагадзіўся з довадамі і рэкамендаваў перадаць яго ў Мінскі заапарк.

Тыграня з'явіцца на публіцы пасля праходжання абавязковага 30-дзённага каранціну, паведамляе Reform.news.

"Працэс перадачы жывёлы, якая знаходзіцца пад пільнай увагай і абаронай на самым высокім дзяржаўным і міжнародным узроўнях, запатрабаваў вялікага аб'ёму працы і дакументаў. Звычайна гэтыя працэсы застаюцца за кадрам, іх не відаць, але без іх нічога не атрымалася б, таму я хачу падзякаваць расійскім калегам, цэнтру "Амурскі тыгр", "Аэрафлоту". Разам мы з усім справіліся, — расказаў дырэктар Мінскага заапарка Аляксандр Сафронаў. — Наш заапарк ужо ўваходзіў у ЕАРАЗА. Цяпер жа, з перадачай тыграняці, мы далучыліся да Праграмы захавання амурскага тыгра ў няволі, мадэрнізавалі і ўдасканалілі вальер, каб ён адказваў высокім патрабаванням утрымання прадстаўніка гэтага рэдкага віду".

Пакуль афармляліся дакументы, тыграня зламала лапу яшчэ раз. Але не тую, што была зламаная першапачаткова. Гэта ўмацавала спецыялістаў у меркаванні, што жывёла не выжыве ў дзікай прыродзе.

"Спачатку мы меркавалі, што тыграня магло стаць ахвярай дарожнага здарэння, бо знайшлі яго ля дарогі, і са зламанай лапай яго наўрад ці магло далёка сысці, — расказвае генеральны дырэктар цэнтра "Амурскі тыгр" Сяргей Арамілёў. — Тое, што адбылося ўжо пасля гаення першага пералому, змяніла наша меркаванне. Хутчэй за ўсё, у жывёлы захворванне костак, магчыма астэадыстрафія, якая сустракаецца і ў хатніх кацянят.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі