Высокі чыноўнік: Я важу дзіця праз увесь горад, бо няма беларускамоўнага садка
Дзяржава не ў поўнай меры выконвае свае абавязкі ў забеспячэнні роўнасці абедзвюх дзяржаўных моў. Гэта добра бачна на прыкладзе праблем з уладкаваннем дзяцей у беларускамоўныя садкі. Пра гэта ў парламенце выказаўся Мікалай Савановіч, намеснік начальніка Упраўлення канстытуцыйнага і міжнароднага права Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў.
Мікалай Савановіч: “Я павінен вазіць сваё дзіця праз увесь горад, бо няма беларускамоўнага садка ў маім раёне. Я ўжо не кажу пра крокавую даступнасць, калі выйшаў і адразу каля ганка садок з неабходнай табе мовай выхавання. Не, але ў кожным раёне хаця б адзін беларускамоўны садок павінен быць. Пераважная большасць маіх знаёмых, а гэта недзе 5-7 дзетак, вымушана аддаюць дзяцей у рускамоўныя садкі, бо няма магчымасці аддаць у беларускамоўныя. І тут, напэўна, дзяржава не ў поўнай меры выконвае свае абавязкі ў тым, каб забяспечыць роўнасць дзяржаўных моў”.
Па словах Мікалая Савановіча, як і ў выпадку з дзіцячымі садкамі, законы павінны прымацца дэпутатамі адразу на дзвюх мовах ― рускай і беларускай, каб у людзей быў выбар. Сёння ж такога выбару няма. 5 красавіка ў Палаце прадстаўнікоў прайшоў круглы стол на тэму “Заканадаўства на беларускай мове: праблемы і практычнае вырашэнне на аснове Канстытуцыі”. Ініцыятарам мерапрыемства з'яўляецца дэпутат парламента, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім.