Выйшаў на волю першы з асуджаных па "справе Ціханоўскага"
Палітвязень Дзмітрый Фурманаў, які праходзіў па "справе Сяргея Ціханоўскага", выйшаў на волю ў чацвер, паведамляе "Радые Свабода".
У 2020 годзе Фурманаву прысудзілі два гады турмы за "арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Ён некалькі разоў галадаў у няволі на знак пратэсту. Мінулым летам разам з ім пад сценамі "Валадаркі" галадалі ягоныя маці і дзяўчына.
Тэрмін Дзмітрыя скараціўся пасля пераліку паводле новага заканадаўства, калі адзін дзень СІЗА залічваецца за паўтара дні калоніі агульнага рэжыму. А ў СІЗА ён правёў 1 год і 3 месяцы.
Дзмітрый Фурманаў — гарадзенец, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Яго затрымалі 29 траўня 2020 году на пікеце Ціханоўскай у Гродна, дзе ён збіраў подпісы. Калі на Савецкай плошчы пачалася тузаніна і міліцыянер апынуўся на зямлі, затрымалі Сяргея Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў. У гэты момант невядомыя схапілі Фурманава з-за стала разам з крэслам на вачах у бацькоў, выцялі мужчыну па твары і завезлі ў міліцыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.