Вызвалены галоўны рэдактар "Нашай нівы": першую ноч праляжаў тварам у траву
Вызвалены галоўны рэдактар "Нашай нівы" Ягор Марціновіч. Яго знайшлі ў турме Жодзіна і вязуць у Мінск, паведамляе nn.by. Марціновіч знік у ноч на 11 жніўня. Яго адчынены аўтамабіль знайшлі толькі ў сераду. Неўзабаве ўдалося знайсці і яго гаспадара, затрыманага сілавікамі.
Ягор Марціновіч напісаў у Facebook пра свае ўражанні ад знаходжання за кратамі. "Разам з 47 сумленнымі беларускімі пацанамі я праляжаў першую ноч тварам у траву ў дворыку Заводскага РАУСа", — піша ён.
Марціновіч абураны, што яго вызвалілі, а "астатнія пацаны, некаторыя з якіх збітыя ў аўтазаках на горкі яблык, не маюць магчымасці паведаміць родным пра сваё затрыманне і не ведаюць, калі іх будуць судзіць".
Таксама вызвалены затрыманы ўвечары 11 жніўня ў Брэсце карэспандэнт TUT.by Станіслаў Каршуноў.
Тым часам міністр унутраных спраў Юрый Караеў загадаў падначаленым не чапаць журналістаў, "акрамя выпадкаў, дзе яны становяцца паміж парушальнікамі і сіламі правапарадку".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.