Я не "добрая руская", я ўкраінка — Марына Аўсяннікава плануе змяніць прозвішча
Марына Аўсяннікава / Фота з сацсетак
Былая супрацоўніца расійскага Першага канала Марына Аўсяннікава мае намер змяніць прозвішча на Ткачук — гэта яе дзявочае прозвішча. Паводле яе слоў, яна робіць гэта ў знак падтрымкі Украіны.
Аўсяннікава надоечы прыехала ў Адэсу — горад, у якім нарадзілася. Яе ўчынак справакаваў дыскусію ў сацсетках. Не ўсе ўкраінцы вераць у яе шчырасць, многія лічаць, што яна таксама адказная за агрэсіўныя паводзіны Расіі. Свае адказы "на галоўныя пытанні ўкраінцаў" Аўсяннікава апублікавала ў Facebook.
Паводле яе слоў, яна не супрацоўнічае з ФСБ. Ёй дазволілі з'ехаць з Расіі дзякуючы Макрону, Зяленскаму і амерыканскім палітыкам. "Я НЕ прапагандыст, у рэдакцыі Першага канала я займалася міжнароднымі трансляцыямі. Я ніколі не пісала прапагандысцкіх тэкстаў і не выпускала іх у эфір", — настойвае Аўсяннікава. Яна піша, што "вайна — гэта калектыўная віна рускіх. Не Пуцін забіваў людзей у Буче і бамбіў радзільню ў Марыупалі. Гэта рабілі канкрэтныя ваенныя злачынцы". Аўсяннікава таксама не лічыць украінцаў і рускіх брацкімі народамі.
"Я не "добрая руская", я ўкраінка", — напісала яна.
У сярэдзіне сакавіка Марына Аўсяннікава выйшла ў жывым эфіры навін Першага канала з антываенным плакатам. Яе судзілі і аштрафавалі за "арганізацыю несанкцыянаванага публічнага мерапрыемства" на 30 тысяч расійскіх рублёў (каля $260).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.