"Я ведаю, што яна нічога не фінансавала": муж пра справу Таццяны Гацуры-Яворскай
Таццяна Гацура-Яворская / Еўрарадыё
"Не ведаю гэтых навін, мне няма чаго сказаць. У нас забралі кучу апаратаў, каб за чымсьці сачыць. Адвакат з намі яшчэ не звязваўся", — кажа Еўрарадыё праваабаронца Уладзімір Яворскі.
Паводле інфармацыі @nashaniva, 6 красавіка яго жонцы Таццяне Гацуры-Яворскай прад'явілі абвінавачанне па арт. 293 КК ч. 3 ("Фінансаванне масавых беспарадкаў"). У панядзелак Таццяна была затрыманая і накіраваная ў ізалятар разам з іншымі арганізатарамі выставы "Машына дыхае, а я — не".
"Я ведаю, што яна нічога не фінансавала, — працягвае Уладзімір. — Мне вельмі складана зразумець, як нейкая яе дзейнасць звязана з тым, што нешта фінансавалася. Я не разумею... тут ніякай логікі".
Напярэдадні ў офісе грамадскага аб'яднання "Звяно", з якім супрацоўнічала Таццяна, дома і на дачы Яворскіх праходзілі ператрусы.
"Забралі кампутары, тэлефоны, планшэты, дакументы ... Забіралі ўсё запар. Хацелі забраць нават лісток з подпісамі, дзе дзеці звярталіся да класнага кіраўніка, але потым разабраліся. Грошы забралі, але там невялікая сума. На фінансаванне беспарадкаў гэта зусім не цягне".
Уладзімір кажа, што да апошняга спадзяваўся, што жонку адпусцяць. Што рабіць далей, ён не разумее: "Тут ад нас мала што залежыць".
Таццяна — маці чацвярых дзяцей і арганізатарка шматлікіх культурных праектаў, у тым ліку фестывалю дакументальнага кіно Watch Docs Belarus. Падчас ператрусу ў кватэры знаходзіліся яе сыны — 18-гадовы Альгерд і 9-гадовы Данік. Паводле слоў Альгерда, ён сядзеў за кампутарам, а потым убачыў чалавека ў балаклаве. Акрамя тэхнікі і дакументаў з кватэры вынеслі плакат Уладзіміра Цэслера "Перазагрузка".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.