"Я выбраў Малі, а адправілі на фронт ва Украіну" — беларус-вагнеравец

Андрэй Герыловіч / Кадр з відэа

Андрэй Герыловіч / Кадр з відэа

З'явілася інтэрв'ю з беларусам-вагнераўцам Андрэем Герыловічам, які у лістападзе 2022-га трапіў ва ўкраінскі палон. Да 2013 года ён служыў у беларускім войску прапаршчыкам, быў начальнікам склада. Пасля стаў прамысловым альпіністам, працаваў у Беларусі і ў Расіі. З-за заходніх санкцый у Маскве страціў працу, у РБ нічога "прыбытковага" не знайшоў (у Мінску застаецца сям'я). І 10 ліпеня 2022-га падпісаў кантракт з ПВК "Вагнер". Абяцалі адправіць у Афрыку, ён выбраў Малі. Герыловічу паабяцалі заробак 200 тысяч расійскіх рублёў (каля 2200 долараў). 11 ліпеня беларус прыехаў у Молькіна ў Краснадарскі край на базу ПВК "Вагнер". А 21-га на аўтобусе яго прывезлі ў Светладарск пад Бахмутам. "Сказалі, што вы будзеце ваяваць [у адным падраздзяленні] са зняволенымі тут, вы ж кантракт падпісвалі. Многія абурыліся", — расказвае Андрэй Герыловіч. Ім прыгразілі. "22 ліпеня я ўжо быў у акопах... Я шэсць групаў памяняў. Гэтыя групы былі разбітыя, заставалася па 5-6 чалавек", — працягвае свой аповед беларус (сам ён быў толькі лёгка кантужаны). Паводле яго слоў, ён сустракаў на фронце беларусаў. Прыгадаў нейкага Ігара (пазыўны "Свіслач"), які загінуў.

Кантракт у Герыловіча быў на 4 месяцы. "Я ў палон патрапіў, калі мне заставаўся адзін дзень", — кажа ён.

Пра тое, што ва Украіне ў палон трапіў 34-гадовы беларус-вагнеравец, ураджэнец Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці Андрэй Герыловіч (пазыўны "Заспа"), стала вядома ў канцы мінулага года. Вясной 2023-га за "ўдзел у якасці найміта ва ўзброеным канфлікце, ваенных або гвалтоўных дзеяннях" ён атрымаў 9 гадоў зняволення. Пазней стала вядома, што Герыловіча ва Украіне вызвалілі ад пакарання і ўключылі ў спіс абмену ваеннапалоннымі.

У інтэрв'ю беларус-вагнеравец адказвае на шматлікія пытанні пра сітуацыю ў Беларусі, пра настроі беларусаў, пра іх адносіны да Расіі і Украіны. Раней украінцы рабілі інтэрв'ю з яшчэ адным беларусам, які ваяваў на баку РФ і трапіў у палон — Максімам Зязюльчыкам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі