Як адказаць дзецям, чаму Бог дапусціў вайну. Парада ксёндза Вячаслава Барка
Прысутнасць зла ў свеце не перакрэслівае існавання Госпада, нагадвае ксёндз Вячаслаў Барок.
— Калі б хтосьці спытаў у мяне, як Бог дапусціў вайну, знаходзячыся ў касцёле Святога Аляксандра, дзе мы дапамагаем уцекачам з Украіны і Беларусі, я б адказаў проста. Я б адказаў, што Госпад мяне паставіў на вашым шляху, каб я мог зрабіць штосьці добрае.
І мама, у якой дзіця пытаецца, чаму Госпад дапусціў такое, можа адказаць: нягледзячы на тое, што вакол ёсць людзі, якія сталі звярамі, ёсць і я, твая маці. Я цябе люблю і за цябе гатовая жыццё аддаць.
Ксёндз пагаджаецца з тым, што людзям, у чыіх сэрцах дабро яшчэ не перамагло, будзе цяжка вярнуць веру. Але ж тыя, у чыіх сэрцах дабро перамагло, несумненна будуць ведаць, што дабро зможа перамагчы і ва ўсім свеце.
— І што здзеецца гэта дзякуючы Госпаду, — кажа Барок. — Калі чалавек у сваім сэрцы не да канца дазволіў дабру перамагчы, тады і нараджаюцца такія пытанні — а дзе ж Госпад? А Бог цярпліва чакае, пакуль у маім, у тваім сэрцы адбудзецца перамога дабра. Як толькі гэта адбываецца, лішнія пытанні знікаюць, і ты ідзеш у свет рабіць дабро.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.