Як дацэнта БДУ судзілі за непадпарадкаванне даішнікам
Прыгоды дацэнта кафедры класічнай філалогіі БДУ Дзмітрыя Гомана пачынаюцца каля 13-ай гадзіны 17 верасня. Недалёка ад Камароўкі ў Мінску ён бачыць, як экіпаж ДАІ выпісвае штрафы кіроўцам, якія парушылі правілы. Карціна звычайная, але Гоман заўважае, што адзін з даішнікаў здымае парушэнні на ўласны мабільнік. Дацэнт перакананы, што рабіць гэтага нельга. Паркуецца, уключае камеру на тэлефоне і ідзе разбірацца. Пра вынікі можна пачытаць у нашым першым рэпартажы. Калі вельмі коратка, то Гоман рэшту суботы, усю нядзелю і пачатак панядзелка 19 верасня праводзіць у ізалятары на Акрэсціна.
Выкладчыка (ён яшчэ мае і юрыдычную адукацыю) абвінавачваюць у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Пасяджэння 19 верасня не адбываецца ― суддзя вырашае адправіць пратакол на дапрацоўку, бо там шмат памылак. На гэтым усё магло б скончыцца, але міліцыянты дакумент вырашаюць дапрацаваць. Паверх старога надрукаванага тэксту яны дапісваюць асадкай тры радкі і скідваюць Гоману новую версію пратакола ў "Вайбер". Суд праходзіць 19 кастрычніка.
"Вам так вось у "Вайбер" скінулі дапрацаваны пратакол і ўсё? Не запрашалі ў РУУС, каб азнаёміцца са зменамі, нічога больш?" ― пытаецца ў Гомана на пасяджэнні суддзя Марына Фёдарава. Атрымаўшы станоўчы адказ, яна на хвіліну задумваецца і просіць расказаць, што адбывалася ў абед суботы 17 верасня. Дацэнт расказвае. Паўтарае гісторыю, расказаную Еўрарадыё месяц таму, амаль слова ў слова. Убачыў парушэнне з боку супрацоўніка ДАІ, вырашыў папрасіць выдаліць відэа з асабістага мабільнага міліцыянта, паскардзіўся на яго старэйшаму, калі той адмовіўся. Потым быў абвінавачаны ў знаходжанні на праезджай частцы і непадпарадкаванні, трапіў спачатку ў Савецкі РУУС, потым на Акрэсціна. "Гэта самаўпраўства, артыкул 23.39", ― скардзіцца суддзі Фёдаравай дацэнт. І падае тры хадайніцтвы ― аб далейшай дапрацоўцы матэрыялаў справы, аб яе спыненні і аб далучэнні да матэрыялаў справы відэазапісаў з яго мабільнага тэлефона, на якіх можна ўбачыць апісаныя падзеі.
"Я лічу, што дзеянні супрацоўнікаў міліцыі незаконныя. Лічу, што пратакол на мяне ініцыяваны жаданнем адпомсціць і схаваць уласныя правапарушэнні", ― заяўляе Дзмітрый Гоман суддзі.
Тут у працэсе адбываецца нечаканы паварот. У залу заходзіць сакратарка і перадае суддзі запіску. Аказваецца, што на пасяджэнне з'явіліся даішнікі, з якімі не знайшоў агульнай мовы Гоман. Суддзя секунду думае і вырашае іх выслухаць ― яны заяўленыя ў якасці сведак.
Выкладчык БДУ зрабіў заўвагу супрацоўніку ДАІ і трапіў на Акрэсціна
"Супрацоўнік ДАІ адмовіўся прыбіраць з відэазапісу мой аўтамабіль, адмовіўся выдаляць відэазапіс. Адмовіўся прадставіць нейкія дакументы на гэты тэлефон. Свае парушэнні не прызнаў"
Першым выступае Валерый Рапацкі, гэта зусім малады хлопец 1989-га года нараджэння. "Так, я на асабісты тэлефон здымаў правапарушэнні. Кіроўцы не прапускаюць пешаходаў на пераходзе, а потым не дакажаш ім, што правапарушэнне было. Хоць нейкія доказы", ― кажа Рапацкі суддзі. Ці мае ён на гэта права, даішнік не ўпэўнены. "Сёння спецыяльна перачытваў загад. Там гаворка пра тэхнічныя сродкі. Думаю, што асабісты тэлефон — гэта тэхнічны сродак", ― кажа інспектар Рапацкі. Суддзю, відавочна, яго адказ крыху непакоіць. Яна ўдакладняе ў інспектара, ці насамрэч гэта так і ці не лічацца тэхнічнымі сродкамі тыя, якія выдаюцца даішнікам па месцы службы і праходзяць адмысловы кантроль. Рапацкі не ведае.
За ім паказанні дае Аляксандр Пацёмкін. Ён старэйшы за Рапацкага і па ўзросце (1980 год нараджэння), і па званні. У момант канфлікту Пацёмкін сядзеў у службовым аўтамабілі і афармляў штрафы. Расказвае, што пачатку размовы Гомана з Рапацкім не бачыў, але потым выкладчык знаходзіўся на праезнай частцы і неаднаразова адмаўляўся яе пакінуць. Таму Гомана затрымалі і завезлі ў РУУС, дзе склалі пратакол. На гэтым этапе паміж Гоманам і інспектарам Пацёмкіным адбываецца некалькі забаўных дыялогаў:
― Чаму я не мог здымаць ваш службовы аўтамабіль? (Гоман амаль увесь час здымаў свае перамовы з інспектарамі на мабільнік, чым выклікаў іх вялікае незадавальненне) Назавіце мне артыкул, які гэта забараняе.
― Не памятаю.
― Я магу здымаць на відэа службовы аўтамабіль?
― Існуе закон аб дзяржаўнай сакрэтнасці.
― Вы сур'ёзна? Веданне законаў адносіцца да вашых абавязкаў?
― Так.
― Назавіце артыкул.
― Не памятаю.
І далей у такім жа стылі. Нягледзячы на дзясяткі пытанняў Гомана, інспектары стаяць на сваім ― выкладчык замінаў ім выконваць свае прафесійныя абавязкі, знаходзіўся на праезнай частцы і адмаўляўся падпарадкоўвацца. Версія Дзмітрыя Гомана таксама ранейшая ― ён спрабаваў зафіксаваць правапарушэнне з боку інспектара Рапацкага, дарожнаму руху не перашкаджаў, бо на вуліцу, дзе рухаліся аўтамабілі, не выходзіў, а затрыманне, пратакол і візіт на Акрэсціна ― спроба супрацоўнікаў ДАІ адпомсціць за намер скласці скаргу на іх дзеянні.
Суддзя Фёдарава паглыбляецца ў вывучэнне матэрыялаў справы. Потым глядзіць на інспектараў і пытае:
― Вы ў колькі затрымалі Дзмірыя Гомана?
― У 13.00.
― А ў РУУС у колькі прыехалі? У пратаколе пазначана 13.03.
― Так.
― Вы як паспелі да РУУС даехаць за тры хвіліны?
― Ды там ехаць 40 секунд.
Далей супрацоўнікаў ДАІ чакае невялікі сюрпрыз. Яны спазніліся на пасяджэнне і яшчэ не ведаюць, што Дзмітрый Гоман прынёс на суд відэазапісы. Суддзя дастае дыск з футляра, устаўляе ў ноўтбук і запрашае ўсіх паглядзець, як разгортваліся падзеі насамрэч. Пасля прагляду даішнікі чухаюць патыліцы і кажуць, што відэа няпоўнае. "Я лічу, што супрацоўнік Рапацкі даў заведама непраўдзівыя сведчанні", ― заяўляе суду Дзмітрый Гоман. І дадае, што будзе падаваць на абодвух міліцыянтаў у суд.
Рашэнне па справе супраць выкладчыка кафедры класічнай філалогіі БДУ Дзмітрыя Гомана агучаць у пятніцу 21 кастрычніка а 17-ай гадзіне. Яму пагражае штраф альбо "суткі".