Як Насця, якая зацяжарыла ў 13, чакае дзіця разам з дарослым “мужам” (фота)

Як Насця, якая зацяжарыла ў 13, чакае дзіця разам з дарослым “мужам” (фота)

27-гадовага Віктара З., ад якога зацяжарыла 13-гадовая Насця, выпусцілі з СІЗА. Цяпер ён мусіць прыходзіць дадому не пазней за 22.00 і быць узорным сем’янінам.

Як Насця, якая зацяжарыла ў 13, чакае дзіця разам з дарослым “мужам” (фота)

Прыязджаем у аграгарадок Асташкавічы Светлагорскага раёна, дзе здарылася гэтая гучная гісторыя.

Пасля вызвалення Віктар жыве разам з юнай Насцяй у звычайнай вясковай хаце, якую мужчына незадоўга да зняволення набыў за 600 долараў. У двары — старыя “жыгулі” і сабака Балбес. Пакуль гэта ўся гаспадарка. У хаце няма душа, прыбіральні і іншых выгодаў, аднак у ёй даволі чыста і ўтульна.

Як Насця, якая зацяжарыла ў 13, чакае дзіця разам з дарослым “мужам” (фота)

“Сяброўка ляпнула, што мне 16. Я падумала, няхай так і будзе. А Віця паверыў”

Віктар і Насця, абняўшыся, сядзяць на канапе. Адчуваецца, што малады чалавек у прысутнасці журналістаў хвалюецца, але спрабуе сціпла ўсміхацца.

Еўрарадыё: Ці шкадуеце пра тое, што адбылося?

“Назад час не павернеш. Таму пра што тут шкадаваць? — Віктар гладзіць круглы жывот сваёй другой паловы. — Дзеці — гэта кветкі жыцця... Да таго ж, мы кахаем адно аднаго”.

Еўрарадыё: Як так атрымалася, што Насця зацяжарыла ў 13 гадоў? Хто ў гэтым вінаваты?

Віктар: Гэта дакладна не Насціна віна. Магчыма, гэта мой недагляд, што я так позна даведаўся, колькі ёй насамрэч гадоў, і недагляд з боку сацыяльных педагогаў, якія мусілі адрэагаваць на той факт, што яна пражывала ў мяне. Яна пастаянна сварылася з маці, і маці ў траўні выклікала на Насцю міліцыю. Следчая група прыязджала і забрала яе ад мяне. Пры гэтым, ніхто не казаў, колькі ёй насамрэч гадоў. Я пытаўся, але яна хавала праўдзівы ўзрост, спецыяльна казала, што ёй 16. Потым казала, што 15. А калі яе маці запрасіла мяне на Дзень нараджэння, толькі тады я даведаўся ўсю праўду. Мы пагаварылі. Я сказаў, што ў такім выпадку, пакуль ёй не споўніцца 16, мы будзем проста сябраваць, а потым ужо будаваць планы. Але ў мяне ўжо былі падазрэнні, што яна цяжарная — гэта было бачна па яе паводзінах.

Як Насця, якая зацяжарыла ў 13, чакае дзіця разам з дарослым “мужам” (фота)

“Калі знаёміліся, Віця пытаўся, колькі мне гадоў. Сяброўка ляпнула, што 16. Я падумала, няхай так і будзе. А Віця паверыў”, — да гутаркі падключаецца сама Насця.

Еўрардыё: Вам не падавалася, што яна не цягне на 16?

Віктар: Зайдзіце ў школу. Некаторыя вучаніцы, старэйшыя за яе, выглядаюць, як дзеці. У кожнага сваё развіццё. Я не адрозніў 13-гадовую ад 16-гадовай.

Насця: Мне ўвогуле многія даюць па 27-28 гадоў.

Віктар (смяецца): Ну, гэта ўжо перабор! Але цыгарэты ёй у краме даюць без праблем, як паказвае практыка. Нават дырэктар школы не ведаў, колькі Анастасіі гадоў, прымушаў нас распісацца. Ды і ў ЗАГСе нас прынялі. Насця не падалася ім дзіцём, калі мы падавалі дакументы. Потым толькі, калі паглядзелі ў паперы, спахапіліся.

Як Насця, якая зацяжарыла ў 13, чакае дзіця разам з дарослым “мужам” (фота)

“Гатаваць не ўмее, але пасмажыць бульбу і зварыць макароны можа”

З жаніцьбай пара не спяшаецца. Тлумачаць гэта тым, што да 18 гадоў Насця атрымлівае каля двух мільёнаў пенсіі па страце кармільца (яе бацька загінуў). Калі ж пара ажэніцца, то згубіць гэтую дапамогу.

Віктар працуе рознарабочым у мясцовай будбрыгадзе, вясной і летам зарабляе ў межах 5-6 мільёнаў. Да таго ж, плаціць аліменты на дзіця ад першага шлюбу. Мужчына тлумачыць, што паколькі ў халодную пару года працы асабліва няма, то з вылікам грошай на старэйшае дзіця ў яго застаецца ўсяго каля 700 тысяч.

“Чаму распаўся ваш першы шлюб, здаецца, у ім нарадзілася двое дзяцей? — працягваем задаваць пытанні Віктару.

Віктар: Мы не былі распісаныя, жылі ў грамадзянскім шлюбе. У выніку я, відаць, надакучыў ёй. Дзяцей у мяне двое, аднак плачу аліменты на аднаго. Бо яна прызналася, што другое дзіця не маё.

Як Насця, якая зацяжарыла ў 13, чакае дзіця разам з дарослым “мужам” (фота)

Еўрарадыё: Як Насця спраўляецца па гаспадарцы, умее гатаваць?

Віктар: Ну, не сказаць, што яна можа прыгатаваць усе стравы. Але пасмажыць бульбу і зварыць макароны можа. Пачатковы старт ёсць, а там будзе вучыцца. Так? (звяртаецца да дзяўчыны)

Еўрарадыё: Як рыхтуецеся да нараджэння дзіцяці? Ужо набывалі каляску, ложак?

Віктар: Пакуль не, не набывалі. Сваякі сказалі, што дапамогуць, прывязуць тое, што засталося ад іх дзяцей. А ўвогуле, плануем гэты пакой раздзяліць на два. Вунь тут за грубай будзе дзіцячы пакойчык…

Як Насця, якая зацяжарыла ў 13, чакае дзіця разам з дарослым “мужам” (фота)

Еўрарадыё: Насця, сёлета вы заканчваеце дзявяты клас. Ці будзеце некуды паступаць?

Насця: Хачу быць швачкай, як і мая сястра.

Віктар: Я хачу, каб Насця далей вучылася, бо яе атэстат па адзнаках мне не вельмі падабаецца. З такім атэстатам далей кухара нікуды не пойдзеш. Хто будзе з дзіцём — вырашым. Бабуля сёлета ідзе на пенсію (ківае на маці Насці, Вольгу, якая заходзіць у хату). Насця, натуральна, не хоча ў школу, але куды яна падзенецца — трэба вучыцца!

Як Насця, якая зацяжарыла ў 13, чакае дзіця разам з дарослым “мужам” (фота)
Віктару нялёгка даецца гутарка з журналістамі

“У Асташкавічах 14-гадовыя яшчэ не нараджалі, але нараджалі ў 15”

У школу цяжарная Насця амаль не ходзіць, ужо два месяцы, як яна мае права на вольнае наведванне. Кажа, што займаецца дома ўборкай, дапамагае наладжваць гаспадарку. Віктар дзеліцца планамі: збіраецца аднавіць старую хату, завесці свойскую жывёлу і пасадзіць агарод.

Еўрарадыё: Віктар, што б вы параілі людзям, якія стаяць перад выбарам: пачынаць адносіны з малалетнімі ці не?

Віктар: Лепш не трэба, варта пачакаць, пакуль дзяўчына не стане дарослай. Хаця, з іншага боку, вось цыганы жэняцца з 12-ці гадоў, але крымінальных спраў на іх не заводзяць. Іх не кранаюць. Але мы ж з Анастасіяй адзін ад аднаго не адмаўляемся. Маці не супраць нашай сувязі. Толькі незразумела, чаму менавіта наша гісторыя выклікала такі рэзанас. Такіх выпадкаў у вёсцы шмат. Вунь, Насціны сяброўкі, сёстры, абедзве нарадзілі ў 15 гадоў. Іх маці стала апекуном іх дзяцей. Дзяржава ім дала кватэру ў Светлагорску. Усё ў парадку.

Насця: Прычым, хлопцы абедзвюх адмовіліся ад дзяцей. Сняжаны хлопец з’ехаў у Расію. Насцін — сядзіць у калоніі. Але за сувязь з малалетнімі іх не пакаралі. Атрымліваецца, адных судзяць, іншых — не.

Віктар: Ну, ў 14 яшчэ не нараджалі, але нараджалі ў 15. Ёсць у гэтым розніца?

Еўрарадыё: Насця, вы знаёмыя з бацькамі Віктара? У якіх вы адносінах?

Насця: У добрых… І яны да нас прыязджалі, і мы туды, у Петрыкаўскі раён, ездзілі.

Еўрарадыё: Як бацькі ўспрынялі сувязь з Насцяй? Чым займаецца ваша сям’я?

Віктар: Мае бацькі сказалі так: “Гэта твая асабістая справа, ты не маленькі, каб мы вучылі цябе жыць, як хочаш, так і жыві”... У мяне са сваякоў усе педагогі і галоўныя бухгалтары. А сястра з мужам — ганаровыя донары Беларусі.

Як Насця, якая зацяжарыла ў 13, чакае дзіця разам з дарослым “мужам” (фота)

“Казаць пра тое, што ён не ведаў, колькі ёй гадоў — непрыстойна”

У Светлагорскай камісіі па справах непаўналетніх тлумачаць, што незвычайную маладую сям’ю будуць трымаць пад кантролем.

“У Віктара адтэрміноўка выканання пакарання. Калі ён будзе парушаць нейкія ўмовы, то трапіць у месцы пазбаўлення волі”, — кажа Наталля Кендыш, намесніца старшыні камісіі і падкрэслівае, што, нягледзячы на рашэнне суда, яе меркаванне датычна сітуацыі не змянілася.

Як Насця, якая зацяжарыла ў 13, чакае дзіця разам з дарослым “мужам” (фота)

Чыноўніца абгрунтоўвае, што малалетнія дзеці не зусім разумеюць, што такое праявы кахання, і ім складана ў будучыні даць свайму дзіцяці ўсё неабходнае, бо самі яшчэ пажылі вельмі мала.

У тое, што Віктар не ведаў пра малалетні ўзрост Насці, Наталля Кендыш не верыць.

“Ён жыў у гэтай вёсцы каля пяці гадоў. У яго там была сям’я, да таго ж, сястра працавала ў школе. У вёсцы можна чыхнуць у адным канцы, а ў другім скажуць, што грымеў гром, усе адно пра аднаго ведаюць. Да таго ж, Насця не стварае ўражання дарослай жанчыны. Таму казаць пра тое, што ён не ведаў, — гэта непрыстойна”, — выказвае меркаванне Кендыш.

Маці Насці, Вольга Уладзіміраўна, тлумачыць, што лёс яе дачкі быў трагічны і складаны, хоць шакуючыя падрабязнасці просіць не публікаваць. Дзяўчынка ў тым ліку з-за гэтага рана стала дарослай.

“Калі яны год таму пачалі сустракацца, я думала, што проста сябруюць. Але атрымалася інакш, — уздыхае Вольга Уладзіміраўна. — Віця прыстойны, не п’е. Ад дзіцяці ён не адмаўляецца, а яго ўзялі і пасадзілі. Цяпер ён запісаў Насцю грамадзянскай жонкай і просіць майго дазволу, каб прапісаць яе ў сваёй хаце. Я згоду дам. Віця — чалавек харошы…”

У другой палове красавіка Насця едзе нараджаць у Гомель, у абласную радзільню. Чакаюць дзяўчынку, плануюць назваць Вікторыяй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі