Як працуе анлайн-медыцына? Павел Лібер — пра платформу "еЗдароўе"

Лекары якіх профіляў даюць кансультацыі? Як пазбегнуць шантажу Мінздароўя? І якія перспектывы ў новага праекта?
Лекары якіх профіляў даюць кансультацыі? Як пазбегнуць шантажу Мінздароўя? І якія перспектывы ў новага праекта?

Беларусы ў эміграцыі запусцілі чарговы праграмны прадукт для падтрымкі суайчыннікаў: платформу медыцынскіх анлайн-кансультацый "еЗдароўе". Пра перспектывы новага праекта ў стрыме Еўрарадыё расказвае адзін з яго стваральнікаў Павел Лібер.

Чаму лекары хочуць захаваць ананімнасць? Як "еЗдароўе" дапаможа пазбегнуць шантажу Мінздароўя?

П. Л.: У сучаснай Беларусі ўжо складана зразумець, што можа стаць падставай для твайго затрымання, таму лепш часам перастрахавацца.

Калі сістэма "еЗдароўе" ўстане на паўнавартасныя рэйкі, Мінздароўя не зможа шантажаваць лекараў: калі мы вас звольнім, то вы больш нідзе сабе не знойдзеце месца. Лекары таксама добра разумеюць гэта. Да нас цяпер прыходзяць лекары, якія проста хочуць дапамагаць беларусам. У будучыні гэта можа стаць сістэмай, дзе, калі лекара звольнілі з беларускай сістэмы аховы здароўя, ён можа прыйсці ў "еЗдароўе" і зарабляць сабе на жыццё ў фармаце аддаленых кансультацый.

Усе разумеюць, што беларускай дзяржаве гэта не вельмі падабаецца. Найлепшы доказ — тоны бруду, якія на нас пачалі выліваць праўладныя тэлеграм-каналы, якія казалі, што ў нас там боты, а не лекары, што іх усіх пасадзяць. Учора быў пасаж пра тое, што я агент ЦРУ і праз мяне ЦРУ спрабуе нашкодзіць медыцыне ў Беларусі. Гэтыя рэакцыі паказваюць, што выхад платформы "еЗдароўе" не прайшоў незаўважаным, што яна ўжо цяпер — раздражняльны фактар.

На базе "еЗдароўе" ў будучыні мы зможам зрабіць платформу для настаўнікаў. А пакуль мы пастараліся падрабязна прапісаць, што гэта меркаванне прыватнай асобы, а не афіцыйная медыцынская кансультацыя. І гэта меркаванне не замяняе неабходнасці здаць аналізы і атрымаць бальнічны — гэта анлайн зладзіць мы не можам. Але калі трэба тэрмінова даведацца адказ або супакоіцца, гэта прыдатны фармат. І мы імкнёмся засцерагчы ад абвінавачанняў у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.

Лекары якіх профіляў кансультуюць на "еЗдароўе"?

П. Л.: Найбольш запатрабаваныя тэрапеўт і педыятр, таксама ёсць гастраэнтэролагі, кардыёлагі, артапеды. Ёсць лекары, якія кансультуюць па каранавірусе. Ёсць сястрынскі догляд, які кансультуе па доглядзе хворых, розных пролежнях. Ёсць анестэзіёлаг з кансультацыяй па розных відах наркозу або па эпідуральнай анестэзіі для жанчын.

Платформа "еЗдароўе" як зачын для будучай тэлемедыцыны. Як прывучыць людзей да анлайн-медыцыны?

П. Л.: Усе прадукты мы робім з зачынам на будучыню: "Голас" — прататып лічбавага галасавання, "Кожны Дзень" — будучы падручнік гісторыі, Digital Solidarity — патэнцыйна фінансавая экасістэма. "еЗдароўе" — будучая тэлемедыцына. У Беларусі не так даўно прынялі закон аб тэлемедыцыне, але на практыцы нічога не рэалізавалі, акрамя магчымасці патэлефанаваць па Zoom з адной паліклінікі ў іншую.

Каб "еЗдароўе" ў будучыні запрацавала на ўсю Беларусь, платформу трэба будзе пашырыць да ўніверсальнай медыцынскай карты, электроннага рэцэпта. Гэта цэлая экасістэма, у якой кансультацыя паміж лекарам і пацыентам — адзін з элементаў. Асноўныя выклікі перад такімі платформамі — не заўсёды тэхналагічныя, таму што тэхналогія ўжо досыць вядомая і абкатаная па ўсім свеце.

Патрэбна звычка людзей, каб яны ўсвядомілі, што па невялікіх пытаннях прасцей звязацца з лекарам анлайн, чым стаяць у чарзе ў паліклініку. Людзям трэба разумець, якія плюсы яны атрымліваюць, хоць бы раз выпрабаваць іх на сабе. Актыўная аўдыторыя патэнцыйных карыстальнікаў — дзясяткі, праз пару гадоў — сотні тысяч чалавек.

Цалкам эфір можна паглядзець ніжэй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі