Як прарасійскі ТГ-канал паклікаў Пуціна ратаваць Беларусь ад каранавіруса
Сімферопаль, 2014 год / Reuters
Ананімны прарасійскі тэлеграм-канал "БелоРусский диалог" упэўнены, што ў Беларусі ўсё дрэнна. Раніцай 19 сакавіка яго аўтары апублікавалі зварот да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і старшыні Савета міністраў РФ Міхаіла Мішусціна. Ад імя "грамадзян Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, якія пражываюць у РБ" яны просяць кіраўніцтва Расіі пра выратаванне ад каранавіруса. Фактычна расіян клічуць навесці парадак у Беларусі.
"Улічваючы, што Рэспубліка Беларусь у крытычны момант сваёй гісторыі засталася без адэкватнага і адказнага кіраўніцтва, просім расійскія ўлады прыняць экстранныя меры для гарантавання бяспекі Саюзнай дзяржавы, яе знешніх межаў, абароны здароўя насельніцтва і нераспаўсюджвання новай каранавіруснай інфекцыі на ўсёй тэрыторыі Саюзнай дзяржавы", — пішуць аўтары канала.
Каранавірус як зачэпка
Вось спіс прэтэнзій "БелоРусского диалога", якія павінны пераканаць Пуціна абараніць беларусаў ад саміх сябе:
— Аляксандр Лукашэнка "страціў сувязь з рэальнасцю";
— па яго віне сталася закрыта расійска-беларуская мяжа;
— кіраўніцтва Беларусі не робіць сумесных з Расіяй захадаў па супрацьдзеянні каранавіруснай інфекцыі;
— МЗС Беларусі "дэманстратыўна ўхілілася" ад эвакуацыі беларускіх грамадзян, якія апынуліся за межамі краіны;
— насельніцтва Беларусі панікуе і скупляе прадукты і лекі;
— сістэма аховы здароўя Беларусі не гатовая да эпідэміі каранавіруса: статыстыка "сумнеўная", "доступ да медыцынскіх тэстаў для насельніцтва закрыты".
Частка заяў недаказальная, частка папросту не мае дачынення да рэчаіснасці. Аднак на чалавека, не схільнага да праверкі фактаў, яны зробяць жахлівае прапагандысцкае ўздзеянне. Тым больш што ў апошнія дні нам сустракаліся і іншыя тэксты пра тое, як усё дрэнна ў Беларусі з супрацьдзеяннем каранавірусу. А хлусня, паўтораная тысячу разоў, як вядома, можа стаць праўдай.
Што дакладна не дакладна
Беларуска-расійская мяжа сталася закрыта не па віне Лукашэнкі — наадварот, ён публічна выказваўся супраць гэтага рашэння, прынятага ў Крамлі.
Беларускія дыпламаты дапамагаюць грамадзянам краіны вяртацца на радзіму. Гэта атрымліваецца не заўсёды: беларусы, якія затрымаліся ў Перу, ужо абсалютна дакладна застануцца там на 14-дзённы каранцін. Але частку праблем для беларускіх грамадзян ствараюць менавіта расіяне, якіх цяпер "БелоРусский диалог" кліча на выручку. Днямі расійскія авіялініі адмовіліся ўзяць на борт больш за 20 беларускіх турыстаў з Гоа і Шры-Ланкі. Самалёт паляцеў, а людзі засталіся ў аэрапорце. А пазней і зусім на вуліцы. Цяпер гэта праблема беларускага МЗС.
Паніку ў беларускіх крамах можна ўбачыць хіба што з Расіі. Пустыя паліцы — рэдкасць нават у гіпермаркетах з вялікім патокам пакупнікоў. У маленькіх крамах — ніякага дэфіцыту.
У статыстыцы беларускага Міністэрства аховы здароўя сапраўды многія сумняваюцца. Але калі б становішча з каранавірусам у Беларусі было крытычнае, сацсеткі ўжо былі б запоўненыя ролікамі з людзьмі, якія падаюць на вуліцах, і сведчаннямі тых, чые сваякі паміраюць у бальніцах ад пнеўманіі. Нічога падобнага не назіраецца. Што да доступу да тэстаў на каранавірус — сёння іх няма ў вольным доступе ні ў адной краіне свету. Тэсты праводзяцца цэнтралізавана. Розніца толькі ў тым, што ў адных краінах іх праводзяць сотні, а ў іншых — дзясяткі тысяч.
Чаму важна рэагаваць на такія ўкіды
Жаданне ўмяшацца ва ўнутраную палітыку іншых дзяржаў расійскія ідэолагі часта абгрунтоўваюць імкненнем абараніць сваіх грамадзян, якія пражываюць за мяжой. "Абарона рускамоўнага насельніцтва" выкарыстоўвалася як аргумент у прапагандысцкіх кампаніях, якія суправаджалі анексію Крыма і канфлікт на паўднёвым усходзе Украіны. Цяпер хтосьці пад маркай каранавіруса вельмі хоча разыграць крымскі сцэнар у Беларусі.
Аўтары тэлеграм-канала "БелоРусский диалог" заклікаюць беларусаў "праяўляць пільнасць, не дапускаць панікі і аказваць адно аднаму ўсебаковую падтрымку і дапамогу". "У нашых сілах захаваць мір, абараніць насельніцтва і не даць успыхнуць пажару на беларускай зямлі!" — заяўляюць яны, распальваючы ўласны маленькі пажар.
Хто за ўсім гэтым стаіць
У пачатку сакавіка даследчая лабараторыя DFRLab, якая працуе на базе аналітычнага цэнтра Atlantic Council, назвала "БелоРусский диалог" у ліку васьмі прарасійскіх тэлеграм-каналаў, якія займаюцца распаўсюджваннем дэзынфармацыі. Гэтыя каналы прапагандуюць паглыбленне інтэграцыі Беларусі і Расіі, паралельна крытыкуючы беларускія ўлады.
У студзені 2016 года ў Маскве праходзіла канферэнцыя пра будучыню Беларусі і Расіі, якая так і называлася: "БелоРусский диалог". Лога канферэнцыі — адлюстраваная па гарызанталі чырвоная літара B і сіняя літара R, якая стаіць да яе ўшчыльную, — супадае з лагатыпам тэлеграм-канала "БелоРусский диалог".
Канферэнцыя праходзіла ў Вышэйшай школе эканомікі, а адным з яе асноўных арганізатараў быў Андрэй Суздальцаў — палітолаг, вучоны сакратар факультэта сусветнай эканомікі і сусветнай палітыкі НДУ ВШЭ і даўні крытык Аляксандра Лукашэнкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.