Як вядомыя асобы адзначаюць Дзень волі?

Апазіцыйныя партыі прапануюць адзначыць 25 сакавіка дэманстрацыяй, а беларускія замежныя супольнасці аддаюць перавагу святочным вячэрам і дыскусіям. Еўрарадыё зацікавілася, як збіраюцца адзначаць Дзень незалежнасці БНР вядомыя ў Беларусі асобы.
Мастак Алесь Пушкін па традыцыі абяцае зладзіць выставу сваіх новых карцін у цэнтры свайго мястэчка Бобр. Ён таксама працягне пісаць вядомую карціну “Плэнер вольнасці”, якую малюе патрошку ужо 20 гадоў. Аднак мастака з вялізнай карцінай шараговыя жыхары Бабра звычайна абмінаюць. Не баяцца Алеся Пушкіна толькі дзеці, п’яныя і судзімыя, паведаміў ён Еўрарадыё.
Алесь Пушкін: “Я цэлы дзень стаю, народ падыходзіць, правакуецца, людзі глядзяць на яркія карціны, падыходзяць, задаюць пытанні: “А чаго ты?”А я кажу: “Дзень Волі, карціна Свабоды, для будучыні, для музея”. Дыскусіі ўзнікаюць, міліцыянеры дзяжураць. Увечары я гэта заношу ў майстэрню, і тады ўжо адзначыць з жоначкай. Мы вып’ем з ёй па чарцы настойкі і з’ядзім цыбульнага пірага з надпісам 92-я ўгодкі БНР”.
Спявачка Кася Камоцкая 25 сакавіка збіраецца ў госці да народнага паэта Рыгора Барадуліна, каб паказаць яму фільм пра яго ж. А пасля плануе зазірнуць і на месца збору каля Акадэміі навук.
Кася Камоцкая:Схаджу ў госці, схажу да Акадэміі навук, а ўвечары будзе святочны стол, напэўна. Думаю, што не будзе часу гатаваць нешта адмысловае, таму думаю абмяжуемся нейкім сырам і каньяком. Сябры прыйдуць”.
А вось лідэр гурта The Toobes Стас Ламакін паведаміў Еўрарадыё, што тых, хто адзначае Дзень Волі, ён з задавальненнем павіншуе. Аднак сам Дзень незалежнасці БНР ніколі не святкуе.
Стас Ламакін:Я не люблю дэманстрацыі. А да святаў стаўлюся вельмі спакойна, абсалютна. Дзень нараджэння не адзначаю, і Новы год таксама”.
Не збіраецца ўдзельнічаць у апазіцыйнай дэманстрацыі і музыка Лявон Вольскі. Уласным укладам у сёлетні Дзень волі ён лічыць свой першы сур’ёзны сольны альбом “Белая яблыня грому”, прэзентацыя якога адбылася 23 сакавіка ў Купалаўскім тэатры.
Лявон Вольскі:Пакуль я не бачу адэкватнай праграмы святкавання. Сустрэцца каля Акадэміі навук і што далей? Я прапаную ісці ў рэстарацыю, у каго ёсць грошы, і шумна, весела, актыўна святкаваць”.
Сам Лявон Вольскі з сябрамі плануе прынесці з сабой у рэстарацыю дыскі з патрыятычнымі песнямі і пад іх адзначаць 92-ю гадавіну незалежнасці БНР.
Фота: gdb.rferl.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі