Які сэнс у новай электроннай сістэме рэгістрацыі замежнікаў

Які сэнс у новай электроннай сістэме рэгістрацыі замежнікаў

МУС пачаў тэставаць электронную сістэму рэгістрацыі замежнікаў, якія часова прыязджаюць у Беларусь.

Сёння гэта выглядае так: турыст засяляецца ў апартаменты ці гатэль, а іх гаспадар цягам сутак мусіць адправіць у ГУУС электронны ліст ці факс з інфармацыяй, што гэта за чалавек, адкуль прыехаў, пашпартныя дадзеныя і па якім адрасе будзе пражываць. Ад 1 кастрычніка прадпрымальнікам і юрыдычным асобам прапануецца рабіць гэта цэнтралізавана праз адзіны партал www.portal.gov.by. На працэдуру даецца тры гадзіны ад моманту засялення турыста.

Прадпрымальнік мусіць набыць электронны ключ, які каштуе 70 рублёў. Далей два гады за падачу інфармацыі пра пастаяльцаў плаціць не трэба.

"Усе звесткі, якія мы будзем падаваць, мы будзем павінныя завяраць сваім электронным подпісам. Гэта подпіс, якім мы падпісваем дакументы, што ідуць у падатковую", — тлумачыць гаспадыня Apartments Minsk Таццяна Нічыпаровіч.

Што дае новая сістэма рэгістрацыі, не асабліва зразумела. Бо, як бачым, прадпрымальнікі мусяць рабіць тое самае — адсылаць электронныя лісты. Хіба што мяняецца форма падачы: з факса на партал. І цяпер гэта не бясплатна.

Але на знаходжанне замежнікаў у Беларусі гэты момант ніяк не ўплывае. Яны як мусілі пасля пяці дзён перабывання наведваць міграцыйную службу, так і мусяць. Самастойна зрабіць гэта, па словах уладальнікаў апартаментаў у Мінску, яны не здолеюць. Як правіла, у аддзяленнях па міграцыі супрацоўнікі не гавораць па-англійску, патрабуюць ад гасцей Беларусі перакладаць страхоўкі на рускую мову, хадзіць па горадзе ў пошуках банкаў. Гэтыя гісторыі пакідаюць у турыстаў не самыя добрыя эмоцыі і не паляпшаюць імідж Беларусі. Аднак, кажа начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Аляксей Бягун, для замежнікаў пакуль нічога ў гэтым плане мяняцца не будзе:

"Бок, які прымае, абавязаны падаць нам інфармацыю пра замежніка цягам трох гадзін пасля яго засялення ў гатэль ці апартаменты. А абавязак замежніка зарэгістравацца пакуль застаўся".

З 1 кастрычніка электронная рэгістрацыя замежнікаў пяройдзе на сталы рэжым працы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі