"Выехалі за трое сутак да самалёта": сітуацыя на беларуска-польскай мяжы
Місія: паспець на самалёт
Каб паспець на рэйс з варшаўскага аэрапорта, беларусы выязджаюць у Польшчу за трое сутак. Чэргі на беларуска-польскай мяжы становяцца ўсё даўжэйшымі, сітуацыю абмяркоўваюць у памежных чатах.
Шматлікія падарожнікі выкарыстоўваюць правераны лайфхак. Дабіраюцца да Брэста на цягніку, а адтуль едуць непасрэдна да мяжы, каб купіць білет на аўтобус, які стаіць бліжэй за ўсіх да КПП. Квіткі купляюць непасрэдна ў кіроўцы.
Тыя, хто гэты спосаб яшчэ не засвоіў, расказваюць, што, толькі чакаючы пашпартны кантроль з беларускага боку, праводзяць у чарзе па трыццаць гадзін.
"Выехалі ў аэрапорт за трое сутак. Правялі 1,5 дня ў чарзе, і яшчэ толькі заязджаем на кантроль да беларусаў", — скардзяцца ў чаце.
Таксама там пішуць, што сам пашпартны кантроль на беларускім і польскім баках мяжы можа заняць 7-12 гадзін.
Тым, хто вяртаецца ў Беларусь, таксама няпроста. Аўтобусы адпраўляюцца з Варшавы з затрымкай у 20 гадзін!
Навічкі ў памежных чатах пытаюцца, якім рэйсам ехаць да Варшавы, каб аўтобус прыйшоў без затрымак. Старажылы адказваюць: такіх рэйсаў няма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.