Яно не сціхне: як жыве і бачыць сітуацыю ў Беларусі "дыджэй перамен" Кірыл

Кірыл Галанаў / фота з асабістага архіва​
Кірыл Галанаў / фота з асабістага архіва​

Кірыла Галанава ведаюць усе. 6 жніўня на афіцыйным мерапрыемстве ён са сваім сябрам Уладам Сакалоўскім уключыў песню "Перемен". Пасля гэтага хлопцы былі асуджаныя на 10 сутак, а пазней пераехалі ў Літву. Нядаўна ў "Інстаграме" Кірыл расказаў, што змяніў прафесію і шукае працу. Еўрарадыё паразмаўляла з "дыджэем перамен" пра яго жыццё і погляды.

Занятак на перспектыву

Еўрарадыё: Што адбылося з таго моманту, як вы пераехалі?

Кірыл: Адразу пасля пераезду ў нас тут было некалькі актыўнасцяў грамадска-сацыяльных, але пакуль пра іх моцна гаварыць не хачу. Мы з Уладам займаліся сваімі справамі, шукалі працу. Як толькі пераехалі, жылі разам на каранціне, потым яшчэ разам месяц жылі. Цяпер раз'ехаліся і амаль як два месяцы жывём асобна. У кожнага свае справы. У мяне таксама. Самая апошняя навіна — я скончыў курсы тэсціроўшчыка.

Еўрарадыё: Пачалі адразу навучацца пасля пераезду?

Кірыл: Спачатку я вырашыў аб'ектыўна ацаніць сітуацыю. Зразумеў, што знайсці годную працу па спецыяльнасці нерэальна, а малааплатную працу — складана. Лепш я патрачу час на самаразвіццё. Вось так і скончыў анлайн-курсы па тэставанні.

Еўрарадыё: Курсы тэсціроўшчыка гэта шчаслівы білецік? Або можа нешта не атрымацца?

Кірыл: Я не думаю, што нешта не атрымаецца. Скончыў курсы і думаю, што ўсё адразу будзе добра цяпер. (Смяецца.) А пра тое, што не атрымаецца, — я не думаю.

Еўрарадыё: Чаму менавіта тэсціроўшчыка?

Кірыл: Калі я сюды пераехаў, тут быў каранавірусны час. Гэта па-першае. Па маёй спецыяльнасці складана знайсці працу. Гэта па-другое. Лепш чымсьці займацца на перспектыву.

Еўрарадыё: Гэты допіс у "Інстаграме", ён прынёс нейкі прафіт?

Кірыл: Так, мне прыйшло шмат самых розных прапаноў і апавяшчэнняў. Гэта нейкі цуд! Я не думаў, што будзе столькі шмат водгукаў, атрымалася вельмі рэзанансна.

Еўрарадыё: Цяпер маеце патрэбу ў нейкай дапамозе?

Кірыл: Не. Я дастаткова аўтаномны. Я нават падумаў, што, наадварот, калі змагу быць камусьці карысны, то вось і стварыў пост у "Інстаграме".

Асабістая трагедыя

Еўрарадыё: Вось вы ўжо некалькі месяцаў знаходзіцеся за мяжой. Што кажуць сваякі?

Кірыл: Нічога не памянялася з таго моманту, як я з'ехаў. Яны былі рады тады з адной простай прычыны: вельмі перажывалі за мяне. І калі я з'ехаў, сталі спаць спакойна. Ну і цяпер наконт мяне ніякіх да іх зваротаў не было з боку ўладаў. Так што ўсё добра.

Еўрарадыё: Ці думалася тады, што вы надоўга так едзеце?

Кірыл: У той момант давялося ўсё рабіць вельмі хутка, не думаючы. Вядома, гэта не проста ўсё так перажываецца. Я малады хлопец і заўсёды думаў пра тое, калі будзе добрая магчымасць па працы паехаць за мяжу, я гэта зраблю. Але ў гэтай сітуацыі давялося ў тэрміновым парадку паехаць з краіны, а не кудысьці канкрэтна.

Еўрарадыё: Як за мяжой адчуваецца тое, што адбываецца ў краіне?

Кірыл: Ёсць адчуванне "старонняга назіральніка". Часам нават здаецца, што, магчыма, і не павінен быў ехаць у такі час. Але з іншага боку, неяк літаральна спрабуеш гэта раскласці і разумееш, што на волі будзеш больш карысны. Ну а перажыванні, вядома, такія самыя, як калі б я быў у Мінску. Я сачу за ўсім і вельмі перажываю.

Еўрарадыё: Якая навіна больш за ўсё за апошні час "зачапіла"?

Кірыл: Гэта відавочна. Усё, што звязана з Раманам Бандарэнкам.

Еўрарадыё: Тое, што адбывалася на "Плошчы Перамен", было праз мурал. Гэта дадаткова чапляе?

Кірыл: Вельмі цяжкае пытанне. Я пакуль не магу канструктыўна гаварыць на гэту тэму. Гэта мая асабістая трагедыя.

Калі прэзідэнт ідзе, як звычайны чалавек, па вуліцы

Еўрарадыё: Як цяпер адносіны з Уладам?

Кірыл: Мы маем зносіны, падтрымліваем адзін аднаго. У нас проста розныя заняткі, віды дзейнасці, погляды на жыццё. У той сітуацыі ў Кіеўскім скверы — гэта было відавочна, што любыя два адэкватныя чалавекі зрабілі б гэтаксама. Але цяпер у нас актыўнасцяў сумесных няма.

Еўрарадыё: Што здзівіла за мяжой?

Кірыл: У адзін з першых дзён мы давалі інтэрв'ю нейкаму выданню. І журналіст кажа: "О, глянь". Мы абарочваемся, а там ідзе мужчына. Аказалася, што гэта прэзідэнт гэтай краіны. Проста так, па плошчы ідзе адзін. Для нас, для беларусаў, гэта нешта вельмі незвычайнае. Калі прэзідэнт ідзе, як звычайны чалавек, па вуліцы. 

Нешта, што нельга было ўявіць

Еўрарадыё: Куды рухаецца Беларусь цяпер?

Кірыл: Гэта вельмі дзіўна назіраць. У краіне, дзе заўсёды культывавалі Дзень Перамогі, адбываецца такая жэсць. Я не ведаю, як на гэта рэагаваць. Я не магу сфармуляваць нават думкі, да чаго гэта ідзе. Гэта нешта, што нельга было ўявіць.

Еўрарадыё: Калі Сяргей Ціханоўскі стэлефанаваўся са Святланай, ён сказаў, што трэба быць больш жорсткімі. Як вы лічыце?

Кірыл: Не магу сказаць, што беларусам не хапае жорсткасці. Гэта не тое. Іх прымусова робяць слабымі. Беларусы цяпер ідуць у стачку, выказваюць адкрыта сваю пазіцыю, а потым іх забіваюць. І людзі без прычыны пакутуюць. Але пры гэтым большасць людзей ім рэспектуе "о, клас, вось гэта малайчына". Людзі разумеюць, як правільна дзейнічаць, але дзяржава зрабіла так, што ўсё, што мы можам, — ухваляць тых, хто так дзейнічае. Гэта мяне хвалюе, хоць я іх не асуджаю. Трэба быць сапраўды смелым чалавекам, каб дзейнічаць інакш.

Еўрарадыё: Дык што трэба рабіць?

Кірыл: Я нават не ведаю. Цяпер, у ХХІ стагоддзі, усе жывуць без вайны, усё ў парадку. І каб зрабіць нешта рашучае — цяжка. Але з іншага боку, я не магу зразумець, калі сяброў і суседзяў беларусаў садзяць, а яны пры гэтым працягваюць глядзець са стаўленнем "ну, калі-небудзь гэта ўсё само сціхне". А яно не сціхне.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі