Янукевіч: Панікі на тварах людзей у Брусэлі няма

Янукевіч: Панікі на тварах людзей у Брусэлі няма

Панікі на тварах людзей у Брусэлі няма, на вуліцах горада пануе звычайная атмасфера, нягледзячы на выбухі ў аэрапорце і дзвюх станцыях метро. Пра гэта ў размове з Еўрарадыё паведаміў старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які сёння знаходзіцца з візітам у Брусэлі:

“Цяпер на вуліцах Брусэля звычайны трафік. Раніца, дастаткова шчыльны рух. Можа быць крыху больш шчыльны, чым звычайна. Магчыма, крыху больш па дарозе мы бачылі сірэнаў. Крыху больш інтэнсіўны рух паліцэйскіх у горадзе”. 

Янукевіч кажа, што апошнімі днямі ў горадзе і так быў павышаны ўзровень бяспекі. Паўсюль былі бачныя праваахонікі з аўтаматамі, нават вайсковыя патрулі. Разам з тым, старшыня БНФ дадае, што панікі на вуліцах няма:

“На тварах людзей не бачна панікі. У тым квартале, дзе наш гатэль — шмат кавярняў. І калі мы выходзілі, мы бачылі, што ўсе людзі глядзяць жывыя навіны, натуральна, гэта прыцягнула вялікую ўвагу людзей. Аднак, казаць пра паніку не выпадае”.

Нагадаем, сёння ранкам у аэрапорце Брусэля прагрымелі два выбухі, пазней яшчэ дзве бомбы ўзарваліся на дзвюх станцыях метро. Агулам, па папярэдніх дадзеных, загінула каля 20 чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі