Ярмошына пра турму, вараны язык, празрыстыя скрыні і кватэру-“трамвай”

Цалкам размову з Лідзіяй Ярмошынай можна паслухаць:

Калі мяне нарэшце выпусцяць у Еўрасаюз, мне ўжо нікуды не захочацца ехаць

Еўрарадыё: Калі ўжо стане вядома дакладная дата прэзідэнцкіх выбараў?

Лідзія Ярмошына: Калі мы кажам пра дату 15 лістапада, то адымаем тры месяцы і атрымліваем сярэдзіну жніўня. У гэты час у парламента вакацыі — іх трэба сабраць на пазачарговую сесію. І гэту пазачарговую сесію прызначае прэзідэнт. Фігура, якая сама будзе абірацца. На ўзроўні кансультацый папярэдняя дата (пазачарговай сесіі — Еўрарадыё) ужо абмеркаваная, але я не хачу яе называць. Тым не менш, гэта будзе ў тыя тэрміны, якія патрабуе закон. Я не кажу пра 15 жніўня, тым больш, што гэта субота, але на тым тыдні, які папярэднічае 15 жніўня, гэта дакладна адбудзецца.

Еўрарадыё: Асабісты інтарэс маеце ў прызнанні выбараў Захадам? Каб вас нарэшце выкраслілі са спісу неўязных у краіны ЕС?

Лідзія Ярмошына: Зразумела, гэта было б вельмі добра. Але для мяне ўсё ж галоўнае — карысць для краіны. А я ўжо на другім месцы. Каб прэзідэнт стаў выязным, бо ён таксама ў тым спісе — гэта нашмат важней. Ну, не паеду я на сустрэчу з калегамі ў Брусель, але я з імі сустрэнуся ў Тбілісі ці Ташкенце.

Еўрарадыё: А як жа мара пасядзець “з томікам Хемінгуэя ў парыжскай кавярні”?

Лідзія Ярмошына: Парыж ужо не той, што быў у 30-я гады… Ды і, думаю, што калі мяне ўжо нарэшце выпусцяць, мне ўжо нікуды не захочацца ехаць…

                   Кіраўнік краіны стараецца трымаць мяне на адлегласці

Еўрарадыё: Вы толькі што вярнуліся з выбараў ва Узбекістане, дзе Карымаў атрымаў звыш 90% галасоў. Ды і яўка была надзвычай высокая. Ёсць да чаго імкнуцца беларускаму Цэнтрвыбаркаму?

Лідзія Ярмошына: Думаю, што не трэба імкнуцца да такіх высокіх лічбаў. Зразумела, гэта добра, калі насельніцтва так падтрымлівае нейкага кандыдата, але я мяркую, што лічбы, прадугледжаныя заканадаўствам – звыш 50%, яны ўжо з’яўляюцца дастатковымі і паспяховымі для любой дзяржавы. Ды і для прызнання выбараў Захадам адных лічбаў мала — тут цэлы комплекс вызначэнняў. І паверце мне: калі яны не захочуць прызнаць, то знойдуць нешта іншае, бо выбары без недахопаў не праходзяць. Мы разважаем на тэму, якая не можа быць тэхнічна: можна падумаць што я, седзячы ў кабінеце, магу ўзяць і паменшыць лічбу ці яе павялічыць — я не магу гэтага зрабіць! Ніводнага разу кіраўнік краіны мне не тэлефанаваў у дзень выбараў і не пытаўся пра лічбы, ён увогуле стараецца на адлегласці мяне трымаць. Таму ніякіх распараджэнняў ад яго зменшыць ці павялічыць лічбы я не атрымлівала. Ды і што я для гэтага павінна зрабіць і як? Я не ўмею!

   Калі я патрачу зэканомленыя грошы на празрыстыя скрыні, то будуць народныя хваляванні

Еўрарадыё: Нават ва Узбекістане ўсе скрыні для галасавання празрыстыя, а мы чаму такія ніяк не можам займець, у чым прычына?

Лідзія Ярмошына: У жаданні ці нежаданні мясцовых уладаў знайсці грошы і зрабіць такія скрыні. Альбо ў тых арганізацый, якія ў сябе выбарчыя ўчасткі размяшчаюць. Але ў школ, дзе месціцца большасць участкаў, элементарна гэтых грошай няма. Ужо пажаданне наконт празрыстых скрыняў намі было выказанае, але загадаць мы не можам.

Еўрарадыё: А калі нейкі прадпрымальнік захоча даць грошы на такія скрыні на яго выбарчым участку ці ў яго горадзе?

Лідзія Ярмошына: Ён не можа такім чынам даць грошы — ён можа толькі ахвяраваць грошы на выбары ў фонд Цэнтральнай камісіі. Але гэтыя грошы будуць размеркаваныя паміж усімі, і на скрыні для яго роднага, да прыкладу, Магілёва гэтых грошай не хопіць. Таму, гэта павінна быць дзяржаўная палітыка, і вырабляцца скрыні мусяць цэнтралізавана мясцовымі ўладамі. І потым шмат пытанняў: зрабілі гэтыя скрыні, але дзе іх пасля выбараў захоўваць, хто іх возьме пад сваю адказнасць?

Еўрарадыё: Пра грошы: вы ж пасля кожных выбараў расказваеце, як і колькі змаглі зэканоміць выдаткаваных сродкаў, чаму зэканомленае не пусціць на скрыні?

Лідзія Ярмошына: Мяне б за гэта проста забілі сябры выбарчых камісій! Яны заўжды эканомяць нават там, дзе эканоміць не трэба, толькі для таго, каб ім выдаткавалі дадатковую капейчыну — прэміравалі. І калі я іх патрачу на такую справу, як празрыстыя скрыні, то баюся, што будуць народныя хваляванні. Але ўжо не з боку апазіцыі, а з боку апоры ўлады — сябраў выбарчых камісій. Прыйдуць пад вокны ЦВК! Пагадзіцеся: займець такія скрыні — гэтага недастаткова з пункту гледжання празрыстасці выбараў.

Еўрарадыё: А чаго было б дастаткова, каб зняць усе прэтэнзіі наконт іх непразрыстасці?

Лідзія Ярмошына: Самае галоўнае — дух выбараў, іх сапраўднае спаборніцтва і сапраўдная роўнасць усіх кандыдатаў. Астатняе ўсё дэталі. Але, каб гэта ўсё было, намаганняў адной толькі ўлады мала. А ў нас патэнцыйныя кандыдаты заяўляюць пра сваю адмову браць удзел у выбарах. Калі ж не будзе з кім спаборнічаць, то вы ж самі разумееце — хоць ты з крышталю пастаў скрыні!

Апазіцыя павінна падбіраць кандыдата з добрай біяграфіяй і іміджам, чалавека, які разбіраецца ў эканоміцы і які мае арганізатарскія навыкі. А гэта кіраўнік буйнога прадпрыемства ці паспяховы бізнэсмен

Еўрарадыё: Можа яны таму і адмаўляюцца ад удзелу, што няма гэтага “духу роўнасці”?

Лідзія Ярмошына: Яны адмаўляюцца таму, што разумеюць: лепш гучна бразнуць дзвярыма зараз, чым з ганьбай сысці з выбарчай кампаніі. А сыходзіць ім абодвум (пра адмову браць удзел у выбарах напярэдадні размовы са старшынёй ЦВК заявілі лідары грамадскай кампаніі “Наш дом” Вольга Карач і Руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч — Еўрарадыё), баюся, давялося б ужо на стадыі збору подпісаў — яны не змогуць нічога сабраць. І каб выглядаць годна цяпер, тлумачачы свае дзеянні нейкай прынцыповай пазіцыяй, яны робяць цалкам лагічна. У любой краіне немагчыма стаць кандыдатам і быць абраным альбо без моцнага адміністрацыйнага рэсурсу, альбо буйнога фінансавага рэсурсу. Відаць, у гэтых людзей элементарна няма грошай, і гэтыя грошы ім не паабяцаныя. Нікім.

Еўрарадыё: Але ж Рух “За свабоду” адмовіўся не толькі вылучаць свайго кандыдата, але і падтрымліваць некага іншага ў межах “Народнага рэферэндуму” — пра што сведчыць гэта?

Лідзія Ярмошына: Гэта цалкам няправільна! Хутчэй, гэта сведчыць пра адсутнасць у іх хаця б нейкіх кадраў і арганізацыйных структур. Цалкам магчыма, што там нікога, апроч Мілінкевіча, і няма. І калі яны пачнуць недзе браць удзел афіцыйна, то гэта пакажа ўсю праўду пра “голага караля”. Я не разумею, чаму рух, які называе сябе дэмакратычным, адмаўляецца браць удзел у выбарах на баку дэмакратычнага кандыдата? Усе гэтыя словы, што яны не хочуць нешта там легітымізаваць… Разумееце, становішча ў краіне з дэмакратычнымі правамі абсалютна не пагоршылася за апошнія 5 гадоў. Можна папракаць, што яно не палепшылася, але ж яно не пагоршылася адназначна! Чаму бралі ўдзел у выбарах тады, але не бяруць цяпер? Гэта сведчыць, што нічога не паабяцалі матэрыяльнага, а можа і адсутнічае рэсурс.

Еўрарадыё: Апазіцыя ставіць умовы свайго ўдзелу ўладзе: “павінны стварыць умовы для таго, каб галасы на самой справе лічылі, і каб апазіцыя была дапушчаная ў выбарчыя камісіі”…

Лідзія Ярмошына: Выбарчае заканадаўства кажа толькі пра магчымасць уваходжання прадстаўнікоў палітычных партый у выбарчую камісію. Але каго канкрэтна выбраць, вырашаюць мясцовыя ўлады, якія і фармуюць такія камісіі. І каб яны ў склад камісіі выбралі апазіцыю, патрэбная палітычная воля. І кожны раз я прашу іх, каб яны такую палітычную волю выявілі. Буду прасіць і гэтым разам. Але толькі прасіць можа ЦВК. Тут спрацоўвае чалавечы фактар: у камісію адпаведныя органы ўключаюць найперш тых, каго яны ведаюць, хто мае аўтарытэт, хто не будзе ўчыняць беспадстаўныя скандалы. І да сумленнага падліку галасоў мы таксама ўвесь час заклікаем, інструкцыі адпаведныя пішам, праводзім навучальныя семінары.

Еўрарадыё: Як вы паставіліся да інфармацыі пра магчымы ўдзел кандыдатаў-жанчын у выбарах?

Лідзія Ярмошына: Я толькі “за”. Праўда, адна ўжо адмовілася. Невядома, як там будзе з другой. Але галоўнае, каб у кандыдата была нармальная падтрымка. Найперш, добрая ініцыятыўная група, якая б якасна і эфектыўна сабрала подпісы ў падтрымку. А далей усё залежыць ад рыторыкі, абаяння і іншых асабістых якасцяў самога кандыдата. Апазіцыя апошнім часам кажа выключна пра незалежнасць, нібыта нехта на нас вайной ідзе! Людзям гэтага мала, бо яны не адчуваюць рэальнасці гэтай пагрозы і разумеюць, што трэба нешта яшчэ. Але апазіцыя не можа прапанаваць эфектыўную мадэль эканамічнага развіцця грамадства. Можа, таму яны і падбіраюць крыху незвычайнага кандыдата — жанчыну.

Я сумняваюся, што жанчына-філолаг, як гэта заяўлена, натхніць наша насельніцтва. Ужо ўсе выдатна разумеюць, што кандыдатам павінен быць чалавек, які разбіраецца ў эканоміцы і які мае добрыя арганізатарскія навыкі. А гэта кіраўнік буйнога прадпрыемства ці паспяховы бізнэсмен. Трэба падбіраць кандыдатаў з добрай біяграфіяй і іміджам, а не толькі з нейкімі харызматычнымі дадзенымі. Такіх людзей павінна шукаць апазіцыя і, магчыма, такі чалавек з’явіцца, выскачыць. Я думаю, што “чысты” палітык у нас асуджаны на правал, калі ён не займае рэальную палітычную пасаду, якая ўплывае на развіццё дзяржавы. Што тычыцца палітыкаў накшталт беспрацоўных кіраўнікоў партый, то я вельмі скептычна стаўлюся да іх перспектыў.

Еўрарадыё: Чаго кіраўніку буйнога прадпрыемства ці паспяховаму бізнэсмену браць удзел у выбарах: каб сесці за краты, што здараецца з апанентамі ўлады?

Лідзія Ярмошына: Паводзь сябе ў межах закона, не хадзі турму браць ці Дом ураду. Казулін жа пайшоў “браць” адміністрацыйны ізалятар, за што і сеў. Статкевіч павёў натоўп на Дом ураду. Не рабі так.

Я абавязаная прытрымлівацца нейтралітэту ў адносінах да кандыдата, але я заўжды павінна памятаць, хто мой начальнік. Прычым — адзіны

Еўрарадыё: Што калі ўся апазіцыя адмовіцца браць удзел у выбарах?

Лідзія Ярмошына: Тады будуць безальтэрнатыўныя выбары, але яны адбудуцца ў любым выпадку. Заканадаўства не забараняе правядзенне безальтэрнатыўных выбараў.

Еўрарадыё: Як наконт свайго ўдзелу ў выбарах у перспектыве?

Лідзія Ярмошына: Я той чалавек, які страшна не любіць быць ва ўладзе. Быць у ёй мне выпала, але гэта не адпавядае маім патрэбам, памкненням душы. Да ўсяго, я працую ў камандзе, і сітуацыя, калі падначалены кажа свайму лідару: “Выбачай, але я пайду супраць цябе”, называецца простым словам “здрада”.

Еўрарадыё: Выйшлі на пенсію, сышлі з каманды – і на выбары кандыдатам!

Лідзія Ярмошына: Пенсіянеры хай сядзяць не пенсіі! Я выйду на заслужаны адпачынак. А на дадзены момант я чалавек каманды і працую ў камандзе. Я абавязаная прытрымлівацца нейтралітэту ў адносінах да кандыдата, але я заўжды павінна памятаць, хто мой начальнік. Прычым — адзіны. Ніякіх незалежных старшынь выбарчых камісій не бывае, яны заўжды кімсьці прызначаныя. Але людзі ў нас чамусьці страшна не любяць праўду. Лепш прыгожая хлусня, а я кажу праўду. Заўжды.

Еўрарадыё: Кажаце вы праўду, але чамусьці вам не вераць, што галасы лічаць сумленна!

Лідзія Ярмошына: Заўжды больш выгадна не верыць. Ды, і мераюць па сабе: сам здольны да хлусні – не верыць іншым. Ды і ўся гэтая працэдура дэманізуецца: любяць пра гэта расказаць і на ўсякі выпадак гэта кінуць. Распаўсюд негатыву заўжды папулярны.

                                Турмы не баюся

Еўрарадыё: Чуў выказванні, што калі ўлада зменіцца і будзе праведзенае расследаванне таго, як праводзіліся ў нас выбары, то чакае Ярмошыну турма. Баіцеся такога расследавання?

Лідзія Ярмошына: Не баюся. Што б яны ні праводзілі, ніводзін чалавек не скажа, што Ярмошына дала загад няправільна лічыць галасы ці парушаць закон — яго проста няма.

Еўрарадыё: Яго проста няма ў пісьмовым выглядзе?

Лідзія Ярмошына: Ні пісьмовага няма, ні вуснага!

Учора пайшла ў басейн і пакінула на пліце каструлю — зварыла язык. Сёння я яго парэжу і адвязу сыну паесці

Еўрарадыё: Чым вы займаецеся пасля працы?

Лідзія Ярмошына: Тым, чым і ўсе савецкія, выбачайце, беларускія людзі: еду дахаты, праз дзень у мяне басейн… У закрытым комплексе “Дразды”! Заязджаю да сына і забіраю брудныя кашулі, прыязджаю дамоў і запускаю пральную машыну, на наступны дзень прыеду з працы і буду іх прасаваць. Учора пайшла ў басейн і пакінула на пліце каструлю — зварыла язык. Сёння я яго парэжу і адвязу сыну паесці. У выхадныя буду прыбіраць у хаце, калі не паеду ў Бабруйск. Я падлічыла, што я хаджу на розныя прыёмы 5 разоў за год. Раз ці два разы на месяц хаджу ў тэатр – такое вось свецкае задавальненне. Апошняе, што глядзела – “Чайка” Пінігіна ў “Купалаўскім”. А так я жыву гэтак жа, як і ўсе астатнія. Можа, мне не трэба лічыць кожную капейку і думаць, ці хопіць мне разлічыцца на касе. Як гэта было, дарэчы, да маіх 43 гадоў!

Еўрарадыё: Басейн у закрытым комплексе, дом ваш на ахоўваемай тэрыторыі, і без пропуску туды не патрапіць… Што за жыццё? Нават добры знаёмы не зможа зрабіць вам прыемны сюрпрыз і нечакана завітаць у госці!

Лідзія Ярмошына: Так, прыйсці могуць толькі сваякі па спецыяльным запрашэнні. Але ці ходзіць нехта цяпер у госці? Сёння, мне падаецца, калі хочуць сустрэцца з сябрамі, то сустракаюцца ў рэстаране. А нечаканыя госці… Я столькі ў маладосці перажыла гэтага! Першы муж называў нашу кватэру “трамваем” – адзін выходзіць, другі заходзіць. Шчыра кажучы, да гэтага часу не засумавала па гэтым. Божа мой, колькі я згубіла за той час, калі сама сядзела з сяброўкамі, а мой сын адзін карачыўся над урокамі, колькі я адарвала ад сям’і! Затое Цяпер я знаходжуся ў поўнай бяспецы і падчас парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў магу спакойна выходзіць на вуліцы і гуляць. І ведаць, што ніхто са мной не расправіцца і ніхто мяне не абразіць. Гэта для мяне неабходнасць.

Еўрарадыё: А што, былі спробы расправіцца, але ахова, якую вам даюць на час выбараў, уратавала?

Лідзія Ярмошына: Я такога не памятаю, але цалкам магчыма, што я гэтага не бачыла. Бо калі людзі працуюць прафесійна, то яны цалкам незаўважныя.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі