“Ёсць маскітныя сеткі "Антыкот". Але няма сеткі "Антыдзеці""
За паўгода ў Беларусі з вокнаў выпадаюць 13 дзяцей. Пяцёра з іх гінуць. У астатніх — траўмы рознай ступені цяжкасці. За ўвесь 2015 год Еўрарадыё налічыла каля 10 падобных сітуацый. У большасці выпадкаў дзеці знаходзяцца дома са сваякамі, гэта не перашкаджае ім адкрываць вокны, ці залазіць на падваконне, дзе акно нібыта абараняе маскітная сетка.
Першы выпадак у 2016 годзе здараецца ў Магілёве. 26 сакавіка з акна пятага паверха выпадае двухгадовы хлопчык. Яго бацькі — у суседнім пакоі. Браты пакідаюць дзіця на падваконні, а калі вяртаюцца, акно адкрытае. Хлопчык памірае ад а траўмаў.
3 траўня на вуліцы Налібоцкай у Мінску з акна сёмага паверху выпадае двухгадовая дзяўчынка. Шматлікія траўмы, але застаецца жыць. Падзенне адбываецца на вачах старэйшай сястры, яна акурат вяртаецца са школы, а малодшая — адкрывае акно, махае ёй рукой і раптам падае.
5 траўня ў Баранавічах з акна трэцяга паверху выпадае дзяўчынка: цяжкія траўмы, траўмы галавы. У пакоі знаходзіліся маці і яшчэ трое дзяцей. Вокны адчыненыя.
23 траўня ў Брэсце двухгадовы хлопчык ставіць крэсла, адкрывае акно, лезе на падваконне і выпадае з восьмага паверху. Яго маці — на кухні. Хлопчык памірае.
У Гродна з акна кватэры на пятым паверсе падае пяцігадовая дзяўчынка. Яна лезе на дзіцячы столік, з яго — на падваконне адкрытага акна, зацягнутага маскітнай сеткай. Маці — у суседнім пакоі.
2 ліпеня на праспекце Любімава ў Мінску знаходзяць цела трохгадовага хлопчыка. Па папярэдніх дадзеных, ён выпадкова выпадае з балкона дзявятага паверха.
3 ліпеня ў Мінску на вуліцы Касманаўтаў з акна 6-га паверха падае дзяўчынка чатырох з паловай гадоў. Бацькі адвярнуліся на хвілінку. Дзіця абапёрлася на маскітную сетку і выпала. Дзяўчынка выжыла.
4 ліпеня з акна пяціпавярховіка ў Лоеве падае тохгадовая дзяўчынка. Маці выходзіць у краму, пакуль дзяўчынка спіць. Двое старэйшых дзяцей у гэты час гуляюць на вуліцы, бацька — на працы.
7 ліпеня ў вёсцы Руба дзве сястры гуляюць на балконе першага паверха. За імі глядзіць бабуля. Малодшая бачыць ката, перагінаецца праз пярыла (балкон не быў зашклёны) і падае. Траўмы галавы.
12 ліпеня ў Бабруйску сямігадовая дзяўчынка скача з балкона 4-га паверха. Атрымлівае цяжкія траўмы. Дзіця знаходзілася дома адно.
16 ліпеня ў Салігорску падае хлопчык. Ён не пацярпеў.
18 ліпеня ў Рэчыцы дзяўчынка, якой адзін год, выпадае з акна пятага паверха, цяпер яна ў рэанімацыі. На акне стаяла маскітная сетка.
Па ацэнцы Следчага Камітэта, у 90% трагедый вінаватыя дарослыя, яны недаглядаюць за дзецьмі. Аднак крымінальныя справы на бацькоў, чые дзеці выпалі з вокнаў, заведзеныя не былі.
"Ёсць такі склад злачынства, як пакіданне ў небяспецы. Але ў дадзеных выпадках ён нікому не інкрымінаваўся, — тлумачыць Еўрарадыё прадстаўнік Следчага Камітэта Юлія Ганчарова. — Звычайна пад яго падпадаюць выпадкі, калі дарослыя на вёсцы пакідаюць дзяцей каля печы, якая топіцца, а самі сыходзяць за алкаголем. То бок, павінна быць злачынная нядбайнасць, калі асоба мусіць усведамляць, што яна робіць, але з-за нядбайнасці разлічвае, што наступстваў не будзе".
Пакуль жа следчыя заклікаюць бацькоў лепш глядзець за дзецьмі і звяртаюць іх увагу на рознага роду замкі-блакіратары, якія не дазволяць дзіцяці самастойна адкрыць акно. Напрыклад, шматдзетнай сям'і, дзяўчынка з якой выпала з вакна 3 траўня ў Мінску і засталася жывой, СК дорыць камплект запорных прыладаў на ўсе вокны ў кватэры.
У кампаніі "Окна май", якая гандлюе вокнамі і маскітнымі сеткамі, найлепшым сродкам для абароны дзяцей ад выпадання называюць менавіта гэтыя "дзіцячыя" замкі на вокнах: (каштуе каля 20 еўра) альбо замок, які ўсталёўваецца пад аконнай створкай. Супрацоўніца кампаніі Кацярына кажа, што адразу пасля першых паведамленняў пра выпадзенне дзяцей з вокнаў замоваў на "дзіцячыя" замкі было шмат. Цяпер ажыятаж спаў.
Маскітныя сеткі замаўляюць ўсе дзесяць гадоў працы. Але абараніць дзяцей ад падзення такія сеткі не могуць.
"Узгадайце старыя драўляныя вокны, дзе ролю маскітнай сеткі выконвала марля. Але гэта менавіта абарона ад камароў, мошак, розных насякомых. Усё, — распавядае Кацярына. — Ёсць, вядома, сеткі "Антыкот" на металічных зацэпах. Яны сапраўды прыдуманыя, каб кот не выпаў з акна. Але няма сеткі "Антыдзеці". Не ўяўляю, як трэба замацаваць маскітную сетку ў праёме, каб дзіця не выпала".
Следчы камітэт аналізуе выпадкі, калі падалі дзеці.
"Мы вырашылі праверыць, наколькі заяўленыя тэхнічныя патрабаванні да маскітных сетак на вокны адпавядаюць іх рэальнаму стану, — кажа старшыня СК Іван Наскевіч. — Можа, варта зрабіць так, каб яны змаглі вытрымліваць вагу дзіцяці? Дзеці ж не разумеюць, што абапірацца на сетку небяспечна. Яны думаюць, што гэта шкло, абапіраюцца, і ляцяць ўніз. Альбо мацаванне не адпавядае тэхнічным заданням, альбо рвецца сама сетка".
Калі праблема будзе вывучаная, магчыма ў стандарты вытворчасці маскітных сетак будуць унесеныя змены.