Юлія Чарняўская: У казках беларусам не хапае вар’яцтва

Каб напісаць кнігу “Беларусы: ад “тутэйшых” да нацыі”  Юлія Чарняўская прачытала валізку беларускіх казак.

Еўрарадыё: Які вобраз беларусаў у казках? Што для казачнага беларуса добра, а што дрэнна?

Юлія Чарняўская: Ён ніколі не ўвасабляе дабро ўсімі сваімі намаганнямі, свядома. Ёсць такая казка “Палешукі й Палевікі”, дзе бачна, што метафарычнае дабро з’яўляецца з вялікай колькасцю зла… Відавочна, што Бог не выпадкова зрабіў так, што зло існуе на зямлі. Як пішуць у казках “дабро занадта моцна ззяе”. То бок на непрыхаванае дабро таксама глядзець цяжка. Селянін тут дастаткова мудры, ён разумее, што дабро праз сілу навязваць нельга.

Прычым, калі трэба пакараць злога персанажа, а гэта часцей за ўсё пан, селянін ніколі не будзе рабіць гэтага сам. Але зробіць з дапамогай нейкай маргінальнай асобы, напрыклад, з дапамогай злачынцы. У крайнім выпадку, сам пераапранецца ў злачынцу. Мужык, ніколі не будзе караць кагосьці сілай. Дабро ўвасабляецца ўскосна ў яго жыцці.

Еўрарадыё: Да чаго трэба давесці селяніна, каб ён кагосьці пакараў, адпомсціў?


Юлія Чарняўская: Мяркуючы па казках, цярплівасць — бязмежная. У Карскага ёсць казка, дзе мужык спаліў пана, не вытрываў здзекаў. І ён бачыць, як пан трапляе ў рай, а ён — у панскае пекла.

Гэты шлях па-за рэвалюцыямі, па-за адкрытымі праяўленнямі сваёй актыўнасці, шлях малых справаў, добрай думкі…. Вы паглядзіце, як людзі перажылі крызіс. Сцягнулі паясы, стварылі грамадзянскія падструктуры ў абменніках. Беларус будзе цярпець, знаходзіць нейкія рэсурсы. Бо ў яго “пару асьмакоў” на бяду заўжды знойдзецца.

“Жанчына ў казках б’е мужа і здраджвае яму з папом”

Еўрарадыё: А які вобраз жанчыны ў нашых казках?

Юлія Чарняўская: Крыклівая, скандальная. Яна б’е мужа, б’е яго аберучкі, з аднаго боку — качаргой, з іншага — палкай. Яна паддаецца ўсім ласкавым словам змея, пана, папа. Часты сюжэт, калі жанчына здраджвае з папом. Яна гатовая на ўсё, каб быць прыгожай і прывабнай і вымагае ў небаракі-мужа лепшых умоваў, чым у яе ёсць. Мне здаецца, мужык у казках ствараецца па прынцыпе пацвярджэння: вось, я такі. А жанчына — па прынцыпе папярэджання. Гэта значыць: жанчына такой, як баба ў казках, быць не мусіць. Калі жанчына стане крыху больш актыўнай, паглядзіце, што атрымаецца, таму яна мусіць сядзець ціха, слухацца. Гэты вобраз указвае на маскулінны лад беларускай традыцыйнай культуры.

Ёсць яшчэ цікавыя жаночыя вобразы. Такая разумная, жвавая дзяўчына, якая нікога не баіцца. Са злачынцамі ўвязваецца ў бойку, на пытанні пана адказвае так, што ён з ёй жэніцца. Гэта дзяўчына ніколі не ажэніцца з мужыком. Ці то яна бярэцца шлюбам з панам, прычым, тады казачнік прыдумвае менавіта для яе добрага пана, якіх, насамрэч, у казках амаль зусім няма. Ці наогул не жэніцца, бо такая нікому не трэба, а трэба ціхая і паслухмяная.

Ёсць яшчэ адзін вобраз — святая дзяўчына. Такая фэнтэзійная: пчолкі, кветачкі… Злачынцы, убачыўшы яе, плачуць і кідаюць сваю справу. Але яна найчасцей памірае.

Еўрарадыё: А што за вобраз пана?

Юлія Чарняўская: Цалкам вымазаны чорнымі фарбамі чалавек. У лепшым выпадку, ён нічога не разумее ў сялянскай працы. Звычайна у яго такія рысы, як ганарлівасць без падставаў, жорсткасць, мітуслівасць. Пану ніколі не сядзіцца на месцы: ён то ў Варшаве, то ў Вільні. Ён заўжды выхваляецца перад іншымі панамі. Пан — вычварэнец, часам, садыст. І не толькі пан, але і пані. Ёсць такі вобраз пані — “жаласлівая пані”, яна прымушае жанчын карміць грудзямі шчанюкоў і кацянят. І плача, калі яны паміраюць, але пры гэтым б’е людзей на канюшні.

То бок пан — адназначны негатыў. Пана не любілі, вышэйстаячага ніколі не любілі, за выключэннем… цара. Менавіта цара — не караля. Кароль бывае пазітыўны толькі ў чароўных казках, я ж займалася сацыяльна-бытавымі. У іх кароль зрэдку сустракаецца, ён такі пан над панамі. Яго вобраз смешны. Паны наогул усе смешныя і мужык заўжды зможа пана абхітрыць. А вось цар, там ён у некаторых казках называецца “белы рускі цар”. Ужо, бачыце, “беларускі”… Цар, гэта амаль тое самае, што мужык. Толькі перад ім генералы, аканомы, якія не даюць мужыку да яго прайсці. Калі мужык патрапіць да цара, цар усё зразумее, дасць яму грамату. Але аканомы ці генералы яе адбяруць. Вось — гэтая надзея на добрага цара. Калі беларус абірае добрага цара, свайго у дошку, гэта, па-мойму, дайшло да нашых дзён. Добра гэта ці дрэнна, тым не менш.

“У казках беларус насцярожана ставіцца да вялікіх грошаў”


Еўрарадыё: А што для мужыка, селяніна з казак, — дабрабыт?


Юлія Чарняўская: Свой дом, карова, пару асьмакоў у кішэні на бяду. Багацця не хочацца, але жабракоў не прымаюць. У гэтым розніцца паміж расіянамі і беларусамі. Для расійскага селяніна дапамагчы жабраку было натуральна. У беларусаў іншая мадыфікацыя народнай рэлігіі. Жабрак — гэта няўмеха, часцей за ўсё. Хаця Бог прыходзіць да селяніна ў вобразе беднага падарожніка. І тут галоўнае — не пераблытаць. Таму любога вандроўніка трэба добра прыняць: а раптам гэта Бог?

Селянін есць не да сытасці і зусім не прысмакі, але яму хапае. У мужыка свая хата, невялікая гаспадарка, кавалачак зямлі, таксама не вялікі. Ідэя роўнасці вельмі моцная. Горка, што Бог няроўна дзеліць, але ён заўсёды няроўна дзеліць, і не нам ведаць, з якой нагоды. Я корпалася ў сацыялагічных апытаннях, тыя ж прыярытэты ў сучасных беларусаў: сям’я, здароўе. А ў казках — дай Бог у сямейцы лад, здароўя ды худобку. У нас замест худобкі — заможнае жыццё. Але вялікія грошы толькі на 20 месцы. Беларус насцярожана ставіцца да шалёных грошаў.

Еўрарадыё: А як беларус ставіўся да царквы?

Юлія Чарняўская: Бог ёсць, калісьці хадзіў па зямлі і вучыў мужыкоў усё рабіць: першую саху, першае арала. Ён навучыў, як расціць дзетак. І ты мусіш умець заплюшчыць вочы і пагаварыць з ім у сваім сэрцы, ён адкажа. Бог — самы пазітыўны вобраз — у адрозненні ад святых і святароў. У казках не толькі папы і ксяндзы смешныя, але і святыя. Гэта тыя ж мужыкі, але іх Гасподзь узяў, каб яму дапамагалі. І яны вучаць мяне, мужыка, як жыць! А самі разбіраюцца так жа, як я, ці горш. Тыя ж слабасці. Бо яны пасярэднікі. Як аканомы (“акамоны”) і генералы ў цара, гэтак жа святары і святыя ў Бога.

“Маскаль у казках размаўляе па-беларуску”


Еўрарадыё: Ці былі нейкія казачныя стасункі з расіянамі, ці ёсць “маскаль” у беларускіх казках?

Юлія Чарняўская: Ёсць, але маскаль — гэта не расіянін. У адрозненні ад пана, які гаворыць з польскімі інтанацыямі, ад габрэя, які гаворыць з характэрнымі словамі, маскаль гаворыць па-беларуску. Ён можа быць расіянінам, украінцам, беларусам. Этнічнасць — гэта не яго характарыстыка. Маскаль — гэта проста вайсковец з расійскага войска. Ён усё умее, ён можа забіць цвік у неба і павесіць на яго свой заплечнік. Тут адчуваецца туга беларускага селяніна па вялікім свеце, па падарожжах. Але яму трэба працаваць на сваім агародзе.

Маскаль — адзіны персанаж, якому беларускі мужык дазваляе сябе дурыць. Гэта такая плата. Вось, ён прыходзіць і дзіка цікава распавядае пра тое, чаго беларускі мужык не ўбачыць ніколі. Ён выдумляе, падманвае. Не крадзе! Крадзе звычайна цыган. Але маскаль можа выманіць ежу ці рэчы. Можа такога нарасказваць, што за гэтае захапленне яму даруюць шмат чаго.

Еўрарадыё: А што да нацыянальных меншасцяў, габрэі, татары, якімі яны паказаныя?


Юлія Чарняўская: Беларускія мужыкі разумеюць, што гэта людзі, але ўсё ж такі больш нізкай якасці. Цыган, ён праныра, злодзей і ён кленчыць увесь час. Татарын у казках крыху тупаваты. Няхай мяне прабачаць татары, я так не думаю. Ён будзе біцца галавой аб дрэва, калі ўбачыць як мужык прыхіляе галаву да крыжа. Габрэй гэта самы шматгранны вобраз, таму што найбольш знаёмы. Гэты чалавек патрэбны. Бо габрэй быў неабходны для пэўных рытуалаў, як і ў габрэйскіх рытуалах беларус. Напрыклад, каб выклікаць дождж, трэба было папрасіць у габрэя гаршчок і кінуць яго ў калодзеж. Габрэй — кніжны чалавек, які нічога не разумее ў сельскай гаспадарцы. Але ён не злы, ён можа дапамагчы і дапамагае. Ён як беларус, бедны, і з-за гэтага ўся розніцца амартызуецца.

“Сучасныя міфы заўжды скіраваныя на мінулае”.


Еўрарадыё: А ці існуюць сучасныя народныя казкі?

Юлія Чарняўская: Я б гаварыла не пра казкі, а пра міфы. Яны ствараюцца свядома, у тым ліку, і з самых лепшых перакананняў. Я ніколькі не сумняваюся ў велічы Вялікага Княства Літоўскага, але не такога, як падаюць яго некаторыя блогеры і нават навукоўцы: што гэта была выключна беларуская дзяржава, а літоўцы былі ледзь не таннай працоўнай сілай і нічога не вырашалі. Для мяне гэта міф. Найперш за ўсё таму, што такіх катэгорый — этнічных — яшчэ не было доўгія стагоддзі. І не толькі таму. Ведаеце, міф не ствараецца чалавекам свядома. Можна стварыць яго толькі ў адным выпадку, калі ты ў яго верыш. Мяне пужаюць сучасныя міфы тым, што яны заўжды накіраваныя на мінулае. Для нас лепш пераварочваць мінулае і скардзіцца, што нас яго пазбавілі. Замест таго, каб зразумець, што мы жывем у іншым свеце, і трэба рабіць будучыню. Бо за нас яе ніхто не пабудуе.

Еўрарадыё: На падставе казак, як можна скончыць фразу “мы беларусы….”

Юлія Чарняўская: Мы беларусы – людзі разважлівыя, але гэтую разважлівасць нівеліруе дабрыня. Мы занадта стрыманыя, але гэтая стрыманасць, у людзей неадукаваных у тым ліку, абарочваецца інтэлігентнасцю. Мы верныя і таму шмат цярпім...

У нас недастаткова ідэалізму. Бадай, наша бяда ў тым, што ў нас мала вар’яцтва. Мы не ахвяруем усім. Але, дзякуючы гэтаму, мы не растварыліся ўжо шмат стагоддзяў. Усе размовы, што мы не адчуваем сябе беларусамі, бо ў нас няма цікавасці да мовы і да культуры — не зусім правамерныя, дасканалыя. Вядома, добра мець цікавасць да мовы і да культуры, гэта патрэбна, але, што мы з-за гэтага не беларусы — гэта няпраўда, гэта падмена паняццяў. У нас, як у любога іншага народа, ёсць недахопы, якія пераходзяць у годнасці. І годнасці, якія пераходзяць у недахопы. Скажу шчыра, з беларусамі можна будзе мець справу ў будучыні.

Фота: velvet.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі