Юрый Жыгамонт з "Падарожжаў дылетанта" перажыў інфаркт

Юрый Жыгамонт з "Падарожжаў дылетанта" перажыў інфаркт

У вядомага актора і тэлевядоўцы Юрыя Жыгамонта здарыўся інфаркт. Пра гэта паведамляе Радыё "Рацыя" са спасылкай на творчую каманду праграмы "Падарожжы дылетанта".

На сайце вядоўцы вісіць абвестка пра яго раптоўную хваробу, датаваная 15 траўня: "З прычыны раптоўнай хваробы спадара Юрыя выпускі праграмы ў бліжэйшы час выходзіць не будуць. Нам складана акрэсліць, колькі часу гэта працягнецца, бо хвароба сапраўды сур'ёзная і патрабуе такога ж сур'ёзнага лекавання. Без спадара Юрыя выкладваць новыя выпускі мы не маем права і не будзем".

Паведамляецца, што найбліжэйшая перадача мусіла выйсці 14 траўня, потым была перанесеная на 16-га. Яе тэмай стала вёска Выдранка на Магілёўшчыне.

Праграма "Падарожжы дылетанта", прысвечаная гісторыка-культурнай спадчыне, 15 гадоў выходзіла на беларускім тэлебачанні. Апошнім з тэлеканалаў, які яе паказваў, быў СТВ. Аднак у лютым 2015 года яна была спыненая і там. Цяпер праграма Жыгамонта выходзіць толькі ў інтэрнэце. Сам аўтар спасылаецца на складанае эканамічнае становішча ў краіне: у тэлеканала не знайшлося грошай, каб аплочваць далейшы выхад праграмы.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі