З “дэкрэта аб дармаедах” выключаць пэўныя катэгорыі грамадзян
Сам дакумент будзе дапрацаваны.
Першыя паведамленні аб выплаце падатка “за дармаедства” падатковыя пачнуць рассылаць з 1 жніўня 2016 года. Пра гэта паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення падактаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка.
Шаўчэнка: “Што тычыцца дэкрэта аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства, цяпер вядзецца праца па распрацоўцы пастановы, якой будзе прадугледжаны парадак выбаркі асоб, якія будуць плаціць збор. Гэта асобы, якія не працавалі, або асобы, якія працавалі меней за 183 дні ў каляндарным годзе”.
Святлана Шаўчэнка заўважыла, што цягам 2016 года будзе весціся актыўная праца па выяўленні “дармаедаў”. Таксама прадстаўніца ведамства агучыла, што ў дэкрэце магчыма будуць унесены змены — якія канкрэтна, Міністэрства па падатках і зборах вызначыцца да канца года.
Шаўчэнка: “Цяпер мы вядзем збор інфармацыі, якія нормы ў дэкрэце трэба скарэктаваць. Выяўляюцца пэўныя катэгорыі асоб, якіх, можа быць, трэба ўключыць у спіс тых, хто не павінен плаціць збор. Сказаць канкрэтна, якія катэгорыі патрапяць, не магу. Рашэнне будзе прынята пасля таго, як прапановы будуць прапрацаваны. Інфармацыя будзе сабраная да канца года”.
Нагадаем, згодна з дэкрэтам “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, грамадзяне Беларусі, а таксама замежныя грамадзяне, якія пастаянна пражываюць у краіне і асобы без грамадзянства, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржвыдаткаў або ўдзельнічаюць у такім фінансаванні менш 183 каляндарных дзён за год, павінны выплачваць збор у 20 базавых велічынь (ці 3,6 млн. рублёў).
Фота: kp.by