З Мастацкага музея звольнілі маці мастацтвазнаўцы Мікіты Моніча
Нацыянальны мастацкі музей / Еўрарадыё
Кіраўніцтва Нацыянальнага мастацкага музея звольніла маці мастацтвазнаўцы Мікіты Моніча — ёй не падоўжылі працоўны кантракт. Сам Моніч, як напісаў у сацсетках, лічыць гэта "лагічным развіццём даўно пачатай гісторыі".
"З яе боку не было парушэнняў працоўнай дысцыпліны, а з боку непасрэднага начальніка не было ніякіх прэтэнзій да выканання працоўных абавязкаў. Больш за тое, кіраўніцтва гэтага начальніка нават не паведаміла пра тое, што той пазбавіцца супрацоўніка. Так што мама шукае працу", — распавядае Моніч.
Мікіта Моніч да лета 2020-га быў адным з самых вядомых супрацоўнікаў Мастацкага музея: ён праводзіў экскурсіі, чытаў лекцыі, займаўся куратарствам. У ліпені 2020-га яго звольнілі з музея па пагадненні бакоў. Прычынай стаў верш, які Моніч апублікаваў у сацсетках па матывах "справы Белгазпрамбанка" і арышту Віктара Бабарыкі. Пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны Моніч з'ехаў з Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.