З пачатку года ў Беларусі зафіксавалі 182 тысячы парушэнняў у ахове працы

З пачатку года ў Беларусі зафіксавалі 182 тысячы парушэнняў у ахове працы

Мабільныя групы па аказанні кіраўнікам і спецыялістам практычнай і метадычнай дапамогі ў забеспячэнні бяспечных умоў працы работнікаў выявілі ў арганізацыях Беларусі за студзень-верасень гэтага года больш як 182 тысячы парушэнняў правілаў і нормаў па ахове працы. Пра гэта БЕЛТА паведамляе са спасылкай на Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Гэтыя мабільныя групы правялі ў студзені-верасні гэтага года 14,3 тысячы абследаванняў арганізацый АПК, будаўнічага комплексу і іншых галінаў. Па іх выніках у мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы для прыняцця мер рэагавання накіравана 5 тысяч інфармацый аб парушэннях патрабаванняў бяспекі, у тэрытарыяльныя органы пракуратуры — 3 тысячы. Пытанні выканання заканадаўства аб ахове працы разгледжаныя на 381 пасяджэнні выканкамаў.

Дэпартамент дзяржінспекцыі працы ініцыяваў стварэнне мабільных груп ва ўсіх раёнах рэспублікі ў 2005 годзе для аператыўнага аказання кіраўнікам і спецыялістам АПК дапамогі ў датрыманні бяспекі працы падчас масавых механізаваных сельгасработ. Паколькі групы прадэманстравалі высокую эфектыўнасць у прафілактыцы парушэнняў заканадаўства аб ахове працы і папярэджанні няшчасных выпадкаў на вытворчасці, у траўні 2010 года яны былі створаныя ў дапамогу кіраўнікам і спецыялістам арганізацый будаўнічай галіны, а пазней — і іншых сфер дзейнасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі