З Судана змаглі выехаць шэсць беларусаў, дзесяць засталіся
Судан у красавіку 2023-га / Reuters
З Судана, ахопленага вайной, змаглі выехаць шэсць беларусаў. Яны знаходзяцца ў Егіпце і хутка вернуцца на радзіму. Як паведамляе ria.ru, беларусы разам з двума расіянамі спрабавалі патрапіць у Егіпет з Судана на аўтобусе, але кіроўца адмовіўся ехаць праз мяжу. Егіпецкія памежнікі адмаўляліся прапусціць беларусаў і расіян без транспарту. У такой сітуацыі расіяне звязаліся з генконсульствам РФ у Хургадзе. Расійскія дыпламаты звярнуліся да егіпецкіх уладаў, якія аказалі дапамогу з уездам — уцекачам з Судана выдалі візы.
Беларусы знаходзяцца ў Каіры і хутка вернуцца на радзіму.
Раней стала вядома, што ў Судане апынуўся экіпаж самалёта Іл-76ТД беларускай грузавой авіякампаніі Belcanto Airlines. Сцвярджалася, што іх было 7 чалавек. Цяпер жа паведамілі пра эвакуацыю шасці беларусаў. Самалёт быў моцна пашкоджаны ці нават знішчаны падчас баёў за аэрапорт.
Узброены канфлікт у Судане адбываецца паміж Узброенымі сіламі і Сіламі хуткага рэагавання. У Судане застаецца 10 беларусаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.