З Уладзіміра Яроменка ўзялі падпіску пра нявыезд
22 ліпеня актывіст "Маладога фронту" азнаёміўся з крымінальнай справай, якую пачалі супраць яго.
Юнака вінавацяць у парушэнні правілаў прафілактычнага нагляду. Па словах Яроменка, якія перадае Радыё "Свабода", у справе — розныя дакументы, у тым ліку пратаколы, якія склалі міліцыянты паводле парушэнняў нагляду, якія Яроменак не прызнае. Ён адзначае, што ўсталяваных судом парушэнняў толькі два, а астатнія — тое, што міліцыя лічыць парушэннямі.
Хлопец разам з адвакатам падаў скаргі на заведзеную справу. Тым не менш следчы ўзяў у яго падпіску пра нявыезд, што актывіст лічыць бессэнсоўным захадам. Ён нагадвае, што і без таго, паводле ўмоваў нагляду, не можа выязджаць нікуды без дазволу міліцыі.
Нагадаем, што ў 2011 годзе Уладзь Яроменак быў асуджаны на 3 гады зняволення за акцыю 19 снежня 2010 года. У тым жа, 2011-м, ён быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам. За ўдзел у шэрагу акцыяў салідарнасці з палітвязнямі Яроменак на пачатку 2012-га атрымаў год прафілактычнага нагляду. Потым гэты тэрмін быў працягнуты яшчэ на паўгода. Летась і сёлета хлопца некалькі разоў садзілі "на суткі".